Стымул – не хварэць. Як перажыць спёку

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Спякотнае надвор’е – сапраўдны стрэс для арганізма.

Калі тэмпература паветра перавышае 30 градусаў, варта задумацца пра тое, як дапамагчы арганізму, спачатку неабходна разабрацца ў прычынах дрэннага самаадчування. Каб пазбавіцца ад лішняга цяпла, унутраныя органы чалавека працуюць з перанапружаннем, а калі ёсць залішняя вага – яны аказваюцца ў “тэрмасе”, бо тлушчавая абалонка – выдатны тэрмаізалятар. Адбываецца перагрэў арганізма, магчымы цеплавы ўдар. Каб астудзіць скурныя покрывы, чалавек залішне пацее, пры гэтым з вадкасцю выводзяцца карысныя солі і мікраэлементы, што прыводзіць да слабасці мышц, у тым ліку і сардэчнай. З’яўляецца смага, і, калі яе не здаволіць, кроў згушчаецца, з’яўляецца небяспека тромбаўтварэння. Змагаючыся з перагрэвам, арганізм пераразмяркоўвае крывацёк, накіроўваючы кроў да канечнасцяў, з’яўляюцца ацёкі. Акрамя таго, у гарачым паветры зніжаецца колькасць кіслароду, а значыць, яго менш паступае ў арганізм. Артэрыяльны ціск чалавека няўстойлівы, магчымы яго рэзкія ўздымы і падзенні, расце нагрузка ў цэлым на сардэчна-сасудзістую сістэму, з’яўляецца галавакружэнне, страта прытомнасці, гіпертанічныя крызы і больш сур’ёзныя ўскладненні. І здароваму чалавеку бывае часам цяжка справіцца з наступствамі высокіх тэмператур паветра, але асабліва складана людзям, у якіх ёсць хранічныя захворванні. Што рабіць, каб выжыць у спёку?


Піце вадкасць
Піце ў гарачыя дні не менш за 2-2,5 літра вадкасці ў дзень часта, невялікімі глыткамі. Не щжывайце вельмі халодныя, салодкія напоі. Абараніць арганізм ад перагрэву дапаможа мінеральная вада, свежыя сокі (іх лепш разводзіць вадой 1 : 1), зялёны чай, настоі з мелісы, кветак ліпы, кропу, чабора.
Водныя працэдуры
Калі ёсць магчымасць – прымайце душ пакаёвай тэмпературы некалькі разоў на дзень, раніцай і ўвечары – кантрасны, для паляпшэння цеплаабмену, і захавання энергіі і працаздольнасці на ўвесь дзень.
Харчуйцеся правільна
У спёку трэба есці менш, ежа павінна быць лёгкай, нізкакаларыйнай. Замест бутэрбродаў з каўбасой на сняданак лепш ужываць кашы, тварог, агародніну. У абед замяніць наварыстыя тлустыя супы на халаднік, бурачнік, булёны. Адмоўцеся ад смажанай ежы. У рацыён уключайце больш агародніны, садавіны, малочных прадуктаў. Заўсёды звяртайце ўвагу на дату вырабу і тэрміны захоўвання прадуктаў, прастаўленыя на ўпакоўцы.
Захоўвайце рэжым і гігіену
Старайцеся без патрэбы не выходзіць на вуліцу з 12 да 17 гадзін – у пік спёкі. Калі магчыма, дазваляйце сабе пасляабедзенны адпачынак, сон. Абараняйце скуру сонцаахоўнымі крэмамі, вочы – сонцаахоўнымі акулярамі. Карыстайцеся кандыцыянерам, вентылятарам, каб знаходзіцца ў больш камфортных умовах. Не выкарыстоўвайце актыўна касметыку – дайце скуры твару адпачыць. Надзявайце свабоднае адзенне з натуральных тканін, галаўны ўбор, абутак на нізкім абцасе. Не выконвайце празмерных нагрузак у спартыўнай зале, ніякіх работ, што патрабуюць высокіх затрат энергіі, у тым ліку на дачы. Гэта асабліва актуальна для людзей, якія маюць гіпертанічную хваробу, ішэмічную хваробу сэрца, цукровы дыябет, захворванні шчытападобнай залозы, атлусценне, анкалогію.

Алена ШАЙБАК,
галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga