Работа па ўзаконьванні самавольна занятай зямлі, крадзяжы паліва ў час жніва, капітальныя рамонты шматпавярховых дамоў, акцыі па падрыхтоўцы дзяцей да навучальнага года – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
“Зямельная амністыя”, або Легалізацыя самазахопаў
Абласная нарада, якая папярэднічала раённай, у чарговы раз задала галоўную тэму для абмеркавання. У гэты панядзелак размова ішла пра інвентарызацыю земляў населеных пунктаў.
Па выніках выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы аб правядзенні суцэльнай інвентарызацыі зямель на Гродзеншчыне выяўлены больш за 250 тысяч самавольна занятых участкаў, больш за 40 тысяч фактаў парушэння заканадаўства. У Дзятлаўскім раёне пацверджана 3119 фактаў самавольнага захопу зямлі. У бягучым годзе запланавана адпрацоўка 868 участкаў. За першае паўгоддзе адпрацаваны толькі 191 (44 % ад паўгадавога плану). Нізкімі тэмпамі перадаюцца звесткі аб зямельных участках у падатковую інспекцыю.
– Слаба вядзецца работа землеўпарадкавальнай службай райвыканкама, не кантралюе працэс і зацікаўленае ў гэтым пытанні ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, – зрабіў заўвагу Андрэй Садоўскі. – Неабходна аператыўна працаваць з гаспадарамі, а таксама займацца зямлёй, дзе людзі не пажадалі ўзаконьваць самавольна захопленыя ўчасткі. “Вызваленая” зямля не павінна зарастаць пустазеллем.
Нагадаю, з 1 верасня 2022 года ўступіў у сілу артыкул 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2022 г. № 195-З “Аб змяненні кодэксаў”, які дазваляе легалізаваць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі. Ён будзе дзейнічаць да 31 жніўня 2025 года. Пасля заканчэння гэтага перыяду па ўсіх аб’ектах самавольнага будаўніцтва, калі яны не будуць узаконеныя, будзе ставіцца пытанне аб зносе і вызваленні самавольна занятага зямельнага ўчастка. Гаворка ідзе аб тым, каб даць землекарыстальнікам (як грамадзянам, так і юрыдычным асобам) магчымасць аформіць правы на самавольна занятыя імі раней зямельныя ўчасткі і размешчаныя на іх капітальныя будынкі.
Запаслівыя механізатары
Пра сельскую гаспадарку гаварылі на нарадзе нямнога. Жніво ў самым разгары – кіпіць работа на палях, зернесушыльных комплексах да ночы. Карэспандэнты газеты выязджаюць штодня на палеткі, інфармуюць жыхароў раёна аб уборачнай практычна анлайн. З-за спякотнага надвор’я клапоцяцца ў гаспадарках аб супрацьпажарным забеспячэнні. Да пяці экіпажаў ратаўнікоў на дзень выязджаюць на прыкрыццё зернеўборачнай тэхнікі. Узнікаюць дзе-нідзе заўвагі па выкананні правілаў па ахове працы. Большасць сельгаспрадпрыемстваў ліквідуюць недахопы аператыўна.
Здаецца, што ўсе вельмі занятыя, няма часу і перадыхнуць. Аднак “нячыстыя на руку” механізатары тым часам назапашваюць для ўласных патрэбаў паліва, якое належыць гаспадаркам. На мінулым тыдні былі затрыманы два вадзіцелі, адзін з якіх скраў 420 “пафарбаваных” літраў. Улічваючы аб’ёмы “здабычы”, будзе распачаты не адміністрацыйны працэс, а ўзбуджана крымінальная справа.
Збяром дзяцей у школу разам
На Дзятлаўшчыне стартавала штогадовая дабрачынная
акцыя “Збяром дзяцей у школу”. Яе правядзенне накіравана на аказанне дапамогі сацыяльна неабароненым катэгорыям сем’яў на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года.
Традыцыйна будуць праведзены выплаты адрасных матэрыяльных дапамог аддзелам адукацыі райвыканкама, Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Фінансавыя выплаты да школы акажуць бацькам па месцы працы ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі. Некаторыя арганізацыі ўжо атрымалі такія пісьмы-звароты з установаў адукацыі раёна. Да акцыі далучацца грамадскія аб’яднанні, прафсаюзныя арганізацыі, прыватныя прадпрыемствы і фізічныя асобы. Акцыя прадоўжыцца да канца жніўня.
Забаронены кантэнт і падпіскі на экстрэмісцкія каналы
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі адзначыў на нарадзе, што зноў фіксуюцца ў раёне падпіскі дзятлаўчан на экстрэмісцкія чаты. Вадзім Васільевіч нагадаў, што праваахоўныя органы трымаюць гэта пытанне на кантролі пастаянна, актуальнасць яго не зніжаецца з цягам часу. Парушаючы правілы ў сетцы, адказ прыйдзецца трымаць у рэальнасці. Сілавікі працягваюць вылічаць адміністратараў і актыўных прыхільнікаў дэструктыўных рэсурсаў. У зоне кантролю абсалютна ўсе інтэрнэт-крыніцы, у тым ліку папулярныя сацыяльныя сеткі і месенджары. Кантралююць нават ананімныя боты, праз якія адпраўляюць звесткі экстрэмістам. У інтэрнэце ніхто не застанецца невядомым. Дарэчы, падпіска са спасылкай і перасылка пагражаюць адміністрацыйнай адказнасцю да 15 сутак за кожны факт з канфіскацыяй прылады (камп’ютар, мабільны тэлефон і іншае). Любая адпраўка інфармацыі, інтэрв’ю і садзейнічанне – да 7 гадоў турмы. Хто парушыць закон, трапіць у публічны спіс экстрэмістаў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga