Пытанне: з’яўляюся ўладальнікам зарэгістраванай паляўнічай зброі. Ці змяніліся правілы яе захоўвання?
Адказвае старшы ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Ігнацік:
– Згодна з дзеючым заканадаўствам зарэгістраваная зброя і патроны да яе павінны захоўвацца ўладальнікамі па месцы іх пастаяннага жыхарства, замыкацца на замок у сейфах, металічных шафах, скрынях з высокатрывалых матэрыялаў, драўляных, абабітых жалезам. Пры гэтым зброю патрэбна разрадзиць і паставіць на засцерагальнік. Недапушчальна захоўваць кантэйнер са зброяй і боепрыпасамі на адкрытых балконах, у калідорах домаўладанняў агульнага карыстання, у памяшканнях паблізу награвальных і ацяпляльных прыбораў і прылад (кацельні або топачныя памяшканні). Ключы ад замка павінны пастаянна знаходзіцца ва ўладальнікаў зброі або ў месцах, пра якія не ведаюць родныя і знаёмыя. Пры ўтрыманні агнястрэльнай зброі з наразным ствалом абавязкова месца яе захоўвання неабходна абсталяваць ахоўнай сігналізацыяй з вынасам на пульт цэнтральнага назірання Дэпартамента аховы. Каб не дапусціць крадзяжу скрыні са зброяй і патронамі, рэкамендуецца замацаваць яе да падлогі і сцяны. Таксама боепрыпасы варта размяшчаць асобна ад зброі ў асобным кантэйнеры пад замком. За парушэнні правілаў захоўвання агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў да яе прадугледжана адміністрацыйная адказнасць і штраф 20 базавых велічыняў, у тым ліку з магчымасцю канфіскацыі прадмета правапарушэння і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю. З пачатку бягучага года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна выяўлены адзін факт парушэння правілаў захоўвання боепрыпасаў да агнястрэльнай зброі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga