Аляксандр Лукашэнка патрабуе пры аптымізацыі ў дзяржапараце адсекчы ўсё лішняе

Улада

Пры аптымізацыі ў дзяржапараце неабходна адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытанні аптымізацыі колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. «Адной з неабходных умоў для павышэння эфектыўнасці дзяржаўнай улады з’яўляецца пастаяннае ўдасканаленне кіраўніцкай сістэмы і яе механізмаў. Тут мы павінны дабівацца вынікаў, вядома ж, не колькасцю, а ўменнем. Не раздуваць бюракратычны апарат, а сістэмна фарміраваць кампактную структуру і эфектыўную мадэль кіравання. І гэта трэба рабіць паступова. Гэта не разавы акт, прывязаны да нейкай канкрэтнай лічбы», — падкрэсліў Прэзідэнт. «Перш за ўсё нам трэба імгненна адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны. Кожны чалавек, які працуе ў дзяржаўных структурах, павінен мець перад сабой пэўную мэту і выконваць пэўныя задачы. Калі гэтыя людзі такім чынам загружаны, значыць, яны дадуць вынік», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аптымізацыя зусім не падразумявае аднаго толькі скарачэння колькасці работнікаў. Размова ідзе аб павышэнні якасці работы дзяржапарату ў цэлым. «Няправільна робяць тыя, хто бачаць у аптымізацыі функцыянавання дзяржаўных органаў толькі скарачэнне колькасці. Калі пойдзем гэтым шляхам, вялікага эфекту не дасягнём. Трэба паглядзець на ўсе працэсы, якія адбываюцца ў дзяржаўных органах краіны, — упэўнены Прэзідэнт. — На гэта, дарэчы, звяртае ўвагу і насельніцтва, калі мы праводзім сацыялагічныя апытанні. І, сустракаючыся на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур, я гаварыў аб тым, што нам трэба аптымізаваць працэсы. Ад гэтага мы можам атрымаць значна большы эфект». Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2013 годзе ўжо былі зроблены пэўныя крокі. Цяпер неабходна прадоўжыць гэту работу, удзяліўшы больш увагі якасці ўсёй кіраўніцкай дзейнасці. «Таму ўраду і Адміністрацыі Прэзідэнта было даручана прапрацаваць і ўнесці на разгляд сістэмныя прапановы. Галоўная мэта ў гэтай справе — пазбавіць дзяржаўныя органы ад дубліруючых і неўласцівых функцый, а самае галоўнае — дэбюракратызаваць працэс прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас часта бывае, калі рашэнне прынята ўжо, у тым ліку і Прэзідэнтам, і яго трэба фармалізаваць, гэта значыць увасобіць у нейкі дакумент (указ, дэкрэт, распараджэнне, даручэнне). Тым не менш месяцамі будзем хадзіць адзін за адным, каб надаць гэтаму рашэнню адпаведную форму». Прэзідэнт звярнуў увагу, што хацеў бы дасканала і ўсебакова абмеркаваць прадстаўленыя прапановы па аптымізацыі дзейнасці дзяржорганаў, каб у далейшым былі прыняты правільныя рашэнні. «За гэтым стаяць канкрэтныя людзі. Трэба прызнаць, што ў цэлым (у сям’і, вядома, не без недахопаў) у дзяржаўных структурах працуюць самыя дасведчаныя, вопытныя і падрыхтаваныя людзі, ад якіх залежыць функцыянаванне дзяржавы. Па-наплявацельску ставіцца да гэтых людзей і рэзаць па жывым не трэба», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Таксама было падкрэслена, што дзяржорганы невялікіх гарадоў, раёнаў, а таксама пасялковыя і сельскія саветы не маюць патрэбы ў скарачэннях. «Гэта яны самі паглядзяць. Калі нейкія паўтары стаўкі не патрэбны, яны скароцяць і дабавяць зарплаты іншым — гэта не забараняецца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Давайце ўзважана падыдзем да гэтых пытанняў і выпрацуем аптымальныя рашэнні, якія ўжо ў самы бліжэйшы час неабходна актыўна і без затрымак рэалізоўваць на практыцы. Хачу падкрэсліць, што ніякіх вузкаведамасных інтарэсаў, усё павінна быць падпарадкавана інтарэсам дзяржавы», — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *