80 гадоў Беларусь жыве мірна, свабодна, шчасліва. У час Вялікай Айчыннай вайны наша краіна заплаціла дарагую цану – загінуў кожны трэці яе жыхар, дзясяткі гарадоў былі зруйнаваны, сотні вёсак – спалены з жыхарамі.

Пасляваеннаму пакаленню давялося прыкласці шмат сілаў і энергіі, каб адрадзіць літаральна з руінаў народную гаспадарку.

Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці рэалізуецца юбілейны патрыятычны праект “Равеснікі вызвалення”.

На гэты раз арганізатары праекта пабывалі ў аграгарадку Хвінявічы з віншаваннямі для равесніцы вызвалення Любові Анісенка.

Іван Кашко, Святлана Венская, Ірына Бакшук падарылі Любові Дзяменцьеўне цёплую музычную паштоўку і шмат шчырых словаў. Яны жадалі юбілярцы здаровага даўгалецця, светлага мірнага неба над галавой, любові родных і блізкіх, прыемных вестак і сустрэць яшчэ ні адну пераможную вясну.

Равесніца вызвалення расказала гасцям, што нарадзілася яна ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці ў простай сялянскай сям’і. Бацька загінуў на фронце, і маці давялося адной гадаваць чацвярых дзяцей.

– Жылося нам вельмі галодна, – успамінае сваё цяжкае сіроцкае дзяцінства Любоў Дзяменцьеўна. – Тату я ведала толькі па фотакартках, якія віселі ў рамках на сцяне, бо нарадзілася ўжо пасля яго гібелі.

Нягледзячы на складанае становішча, маці пастаралася даць усім сваім дзецям годную адукацыю. Люба скончыла 10 класаў, паступіла ў Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымала прафесію бухгалтара. Па спецыяльнасці працавала ў адной з гаспадарак Хойніцкага раёна. Там і пазнаёмілася з будучым мужам.

Пётр прыехаў у мясцовы калгас у рабочую камандзіроўку і зайшоў у кантору падпісаць дакументы, так ён і сустрэў каханне ўсяго свайго жыцця. У хуткім часе маладая пара згуляла вяселле і засталася жыць на Гомельшчыне. Магчыма, Анісенкі жылі б там і да гэтага часу, каб не страшная навала: трагедыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вымусіла іх з сынам Валерыем і дачкой Галінай пакінуць родны дом. Хойнікі трапілі ў зону адсялення. У пошуках новага месца жыхарства лёс прывёў Анісенкаў на Дзятлаўшчыну ў аграгарадок Хвінявічы, які стаў ім другой радзімай.

Любоў Дзяменцьеўна да выхаду на заслужаны адпачынак працавала бухгалтарам спачатку ў мясцовым калгасе, потым на Парэцкім спіртзаводзе. Пётр усё працоўнае жыццё прысвяціў шафёрскай справе. З мужам мірна і дружна юбілярка пражыла 55 гадоў. Дзяцей сваіх Анісенкі выгадавалі годнымі людзьмі. Сын цяпер жыве ў Новасібірску, ён ужо маёр у адстаўцы. Хоць раз на год Валерый з сям’ёй стараецца прыехаць у родную Беларусь да матулі. Дачка Галіна атрымала юрыдычную і педагагічную адукацыю. Яна жыве і працуе ў Гродне. Стараецца не даваць матулі сумаваць. Па некалькі разоў на дзень Галіна тэлефануе Любові Дзяменцьеўне, часам іх размовы цягнуцца гадзінамі. Не даюць самоціцца бабулі і ўнучкі Вікторыя і Сафія.

– Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, – прызналася гасцям Любоў Анісенка. – Хоць жыццё маё выдалася нялёгкім, напачатку галодным і халодным, затое потым яно было напоўнена прыемнымі і жаданымі момантамі. Безумоўна, сапраўдным выпрабаваннем быў наш ад’езд з малой радзімы, затое маю сям’ю цёпла прыгарнулі Хвінявічы. Аграгарадок за дзесяцігоддзі жыцця стаў для нас родным. Сюды любяць прыязджаць мае дзеці і ўнукі.

Маладому пакаленню Любоў Дзяменцьеўна пажадала здароўя, міру, цярпення і сілаў, каб пераадольваць жыццёвыя нягоды і цяжкасці. З уласнага вопыту яна яскрава ведае, што за самотнымі днямі абавязкова прыходзяць шчаслівыя.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі праекта

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Хто атрымае выплаты да Дня перамогі?
Проведите выходные в безопасности
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026

Похожие публикации