Сёмага мая дэлегацыя Дзятлаўскага раёна ў саставе сарака чалавек наведала горад Мінск, дзе ў Палацы Рэспублікі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзевяці населеным пунктам краіны вымпелы “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Пра тое, што вымпелам узнагароджана наша Дзятлава, ведала адной з першых: патэлефанаваў Вадзім Лакіза, наш зямляк, дырэктар інстытута гісторыі НАН Беларусі, і паведаміў, што Дзятлава сярод іншых дзевяці населеных пунктаў прапанавана інстытутам для атрымання адной з самых ганаровых узнагарод, якія атрымліваюць населеныя пункты рэспублікі, што мужна змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, страцілі шмат мірных жыхароў, вялі барацьбу ў падполлі і партызанскіх атрадах. Праз некаторы час Вадзім Леанідавіч пацвердзіў, што ўзнагарода будзе. І адразу ж да нас паехалі карэспандэнты тэлеканалаў і радыё, мы расказвалі, вазілі па памятных мясцінах Дзятлаўшчыны, давалі інтэрв’ю. Мне нават давялося па запрашэнні Валянціны Стэльмах, вядучай першага нацыянальнага радыёканала, паехаць на беларускае радыё, дзе быў запісаны адзін з выпускаў перадачы “Галерэя”. І, безумоўна, гаварылі пра вайну на Дзятлаўшчыне, трагічныя старонкі ліхалецця, якія перажылі нашы землякі.
Вымпелам ганарылася, радавалася таму, што наш гарадок атрымаў гэту ўзнагароду, расказвала пра падзею на кожнай экскурсіі, а іх, пачынаючы з лютага, было больш за трыццаць, тлумачыла школьнікам і дарослым значнасць такой узнагароды і, безумоўна, старалася аргументаваць, прывесці факты з ваеннай гісторыі нашай малой радзімы. Тут і спаленыя вёскі, і генацыд яўрэйскага насельніцтва Дзятлава, і карныя экспедыцыі супраць партызан Ленінскай брыгады, і самаадданая барацьба падпольшчыкаў, і закатаваныя вязні дзятлаўскай турмы. Тысячы забітых, замучаных, спаленых у адрынах і хлявах, павешаных. Дзеці, жанчыны, старыя… І дзятлаўчане павінны ведаць праўду, помніць і перадаваць памяць пра вайну сваім дзецям.
І вось сёмага мая мы на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім выехалі ў сталіцу. Спачатку да трасы Гродна-Мінск ехалі школьнымі аўтобусамі, потым пераселі ў аўтобус, які ішоў у саставе гродзенскай калоны. Падтрымаць Дзятлава сабраліся прадстаўнікі многіх раёнаў вобласці і горад Гродна. У калоне, якую суправаджала ДАІ, ехала пяць вялікіх аўтобусаў. Мерапрыемства было прызначана на 17.00, аднак сабраліся раней, рабілі фотаздымкі для “Перамогі”, сацыяльных сетак і для сябе асабіста. Такая нагода не кожны год і не кожнаму выпадае – пабыць у Палацы Рэспублікі, убачыць Прэзідэнта краіны, паслухаць яго выступленне. Атмасфера была святочная, урачыстая, адчувалася грандыёзнасць усяго, што павінна вось-вось пачацца. Выстраілася на сцэне рота ганаровай варты з дзевяццю пасведчаннямі, а па другі бок ад яе стаялі вымпелы. Яркія, вышытыя залацістымі ніткамі, яны прыцягвалі ўвагу, не дазвалялі ні на хвіліну адарваць ад іх вачэй. І вось на ўсю залу зычны мужчынкі голас аб’яўляе: “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка”. Зала ўстае як па камандзе, гучаць несціханыя апладысменты. Прэзідэнт падыходзіць да трыбуны і пачынае гаварыць. Цішыня ў зале, людзі ловяць кожнае слова. Пра нас, пра вайну мінулую, пра пагрозы сённяшняга дня, пра будучае наша і нашых дзяцей. Проста, даступна, зразумела.
Асабіста я слухала Прэзідэнта нашай краіны вось так, у зале, упершыню. Напэўна, што такіх, як я, было шмат. І гэта, безумоўна, для кожнага з нас гістарычная падзея і падзея ў асабістым жыцці. Адчуваеш свой саўдзел у жыцці краіны, у яе лёсе, дух еднасці пануе ў зале, здаецца, думаюць і нават дыхаюць прысутныя ва ўнісон.
А потым пачалося ўручэнне вымпелаў, і на сцэну выйшаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. Думаецца, кожны дзятлаўчанін у гэты момант быў перапоўнены гонарам, сэрцы сціскаліся ад хвалявання. Вось старшыня падыходзіць чаканным крокам да Прэзідэнта, паціскае працягнутую руку, слухае словы віншавання, бярэ пасведчанне і на некалькі імгненняў паварочваецца да залы, нібы шукае вачыма нас, дзятлаўчан, і ідзе ў шарэнгу ўзнагароджаных, што стаяць ужо на сцэне. Дзевяць старшыняў райвыканкамаў, дзевяць раёнаў рэспублікі. І сярод іх – Дзятлаўскі раён, наша родная зямля, наш ціхі і шматпакутны гарадок, што выстаяў у гады ліхалецця, аднавіўся і ўпэўнена крочыць у будучыню, харашэе з кожным годам.
Пасля ўрачыстасці пачаўся канцэрт. Але гэта быў не зусім канцэрт, а сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне, вяртанне ў далёкія ваенныя гады. Гучалі ваенныя песні, на сцэну выходзілі бежанцы, людзі са спаленых вёсак, партызаны, вайскоўцы. Пранікнёна, шчыра гучалі галасы вядучых і артыстаў, маладых, зусім яшчэ юных, але здавалася, што менавіта яны сталі ахвярамі той вайны і расказваюць нам пра яе, нічога не ўтойваючы. Эмоцыі ўзрасталі з кожнай песняй, было адчуванне, што нейкі ком падступае да горла, сціскае яго. А калі на сцэну ў суправаджэнні прыгожай дзяўчыны выйшаў пераможца шоу “Фактор.by” Данііл Савеня і над залай панеслася песня пра спаленую вёску Ала, слёзы градам сыпанулі з вачэй, немагчыма было іх стрымаць. Голас Данііла, настолькі моцны, зычны, яркі, нібы белая птушка, насіўся над залай, над полымем, у якім гарэлі дамы, людзі, гарэла само жыццё.
Супакоіцца было цяжка, хоць песня змяняла песню, галасы загучалі весялей, выходзілі на сцэну мэтры беларускай эстрады Анатоль Ярмоленка і Аляксандр Саладуха, таленавіта спявала моладзь. А паслясмак выступлення Данііла застаўся. Як і паслясмак самога мерапрыемства, пра якое таксама буду расказваць на сваіх экскурсіях, перадаваць тыя эмоцыя, якімі зарадзілася сама. А яшчэ даносіць гонар за свой раён, за свой мужны гарадок Дзятлава.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ