З кветкамі, падарункамі і медалём да ветэрана Дзятлаўскага раёна Аляксандра Ляха, які цяпер жыве ў дачкі ў Лідзе, накіраваліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.
– Сёлета наша краіна адзначае важную дату: 80 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у сувязі з чым указам Прэзідэнта зацверджаны аднайменны юбілейны медаль, – адзначыў Генадзь Тадэвушавіч вітаючы ветэрана. – Моцнага вам здароўя, Аляксандр Юльянавіч, і яшчэ доўга заставацца “ў страі”. Вы тое пакаленне, на якое ўсе мы раўняемся.
– Служу Радзіме! – бадзёра, нягледзячы на свае важкія 93 гады і стан здароўя, прымаючы ўзнагароду, прамовіў ветэран.
Да шчырых цёплых слоў пажаданняў далучыўся Аляксандр Бараноўскі:
– Я прывёз вам вітальны адрас: “Аляксандр Юльянавіч, віншуем вас з Днём Перамогі! Вы наш гонар, наша выратаванне, наша сіла. Дзякуем за мір і сапраўдны прыклад мужнасці. Вы падарылі нам Перамогу, а разам з ёй жыццё, любоў, надзею.
З павагай старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў генерал-маёр Нікіцін”.
– Падарункі вам прыслалі Дзятлаўская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і магазін “Еўраопт”, што ў Дзятлаве, – прадоўжыў Аляксандр Бараноўскі. – Жадаем вам шчасця, клопату ад родных і блізкіх. Дзякуй, што вы былі ў нас, што ў даволі юным узросце зрабілі свой уклад у агульную справу па абароне і вызваленні Айчыны. З гонарам паціскаю вашу руку, бадзёрасці духу вам і ўсяго найлепшага.
У сваю чаргу Аляксандр Юльянавіч успомніў гады ваеннага ліхалецця і мірны час працы і аднаўлення нашай краіны. Адзначыў, што для нашчадкаў ён пакінуў памяць аб сабе: артыкул аб партызанскім шпіталі ў Ліпічанскай пушчы ў кнізе “За край родны” выдавецтва Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.
За сустрэчу, падарункі, шчырыя словы і ўвагу гасцям падзякавала дачка ветэрана Ала Аляксандраўна:
– Дзякую, што прыехалі з Дзятлава. Землякам тата заўжды рады. Ён цікавіцца навінамі. Я выпісваю яму газеты, якія ён чытае кожны дзень. У яго бадзёры розум і грунтоўная памяць, толькі падвялі ногі. Заўсёды радыя вас бачыць.
Развітваліся цёпла. Ветэран папрасіў “адвезці” ад яго імя на Дзятлаўшчыну для землякоў віншаванне з вялікім і светлым святам – Днём Перамогі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ