Дзелавы панядзелак. На нарадзе: “За бяспеку” і на суботнік – разам

Важнае Улада

Пра работу з прамысловымі і ўнутрыгаспадарчымі кар’ерамі, устаноўку міністанцый абезжалезвання вады павільённага тыпу ў Хадзяўлянах і Ахонава, рэспубліканскую кантрольную работу па гісторыі Беларусі і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Вазьміцеся за работу!

Сельгаспрадпрыемствы раёна завяршылі сяўбу льну. Вядуць апрацоўку палёў інсектыцыдамі і хімпраполку. На бягучым тыдні плануюць завяршыць сяўбу цукровых буракоў.

Пытанні па падрыхтоўцы кормаўборачнай тэхнікі. Увогуле яе гатоўнасць па ўсіх гаспадарках складае 52 %. Між тым, ёсць прадпрыемствы, такія як “Дварэц-Агра”, дзе “не зроблена работа над памылкамі” мінулага года, і цяпер зноў паўтараецца тая ж карціна з адставаннем па набыцці неабходных запчастак і своечасовым рамонце, праходжанні тэхагляду кормаўборачнай тэхнікі.

– У ААТ “Дварэц-Агра” нямала праблем. Значны дэфіцыт кадраў. Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама аслабіла кантроль і не аказала садзеянне гаспадарцы, таму і вынікі не радуюць. Вазьміцеся за работу! – заклікаў супрацоўнікаў упраўлення і аграрыяў раёна старшыня райвыканкама.

У памяць аб мінулым

На бягучым тыдні адбудзецца камісійны аб’езд, размешчаных на тэрыторыі Дзятлаўшчыны помнікаў, абеліскаў, брацкіх магіл і магіл невядомых салдатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у добраўпарадкаванні помнікаў і пахаванняў, памятных мясцін, звязаных з гераічнымі бітвамі і трагічнымі падзеямі самай кровапралітнай вайны, прымуць прадпрыемствы і арганізацыі раёна, дэпутаты, школьнікі, грамадскія аб’яднанні. Дарэчы, некаторыя работы будуць выкананы 20 красавіка – у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка.

У вёсцы Малдавічы завяршаецца рамонт дома, у якім размесціцца выставачная экспазіцыя з рабочай назвай “Дом брыгадзіра”. Мэта праекта – паказаць сельскі быт 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Экспанаты  для экспазіцыі збіраюць школьныя музеі.

Пісьмы дзецям і суб’ектам прафілактыкі

Ратаўнікі пачынаюць работу ў рамках рэспубліканскай акцыі “За бяспеку разам”, якая стартавала 15 красавіка і прадоўжыцца да 1 мая. На бягучым тыдні на Дзятлаўшчыне з удзелам супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення МНС будзе праводзіцца адпрацоўка чатырох сельскіх саветаў, дзе была дапушчана гібель людзей на пажарах: Дварэцкага, Жукоўшчынскага, Данілавіцкага і Казлоўшчынскага.

Варта адзначыць, што работа ратаўнікоў па прафілактыцы надзвычайных сітуацый складваецца не толькі з падобных мерапрыемстваў і акцый – кожны тыдзень яны наведваюць домаўладанні розных катэгорый жыхароў раёна, вызначаюць недахопы, кансультуюць, як іх ліквідаваць, як павысіць узровень пажарнай бяспекі жылля, інфармуюць насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг у сферы забеспячэння пажарнай бяспекі, рэагуюць на папярэджанне правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення. На мінулым тыдні было абследавана 104 домаўладанні дзятлаўчан, выяўлены 4 парушэнні, складзены адзін адміністрацыйны пратакол. Накіравана 20 пісьмаў працаздольным дзецям гаспадароў дамоў, 6 – суб’ектам прафілактыкі.

Вас здымае відэакамера

Днямі дзятлаўскі пляж чакае гасцей – па ініцыятыве раённага АСВОДа прыбудуць вадалазы, каб устанавіць дзіцячую купальню і паплаўковую лінію. Увогуле, падрыхтоўка да купальнага сезона ідзе поўным ходам. Жыллёва-камунальная гаспадарка ўжо абнавіла ўстаноўленыя летась альтанку, арэлі, пераапранальні, устанавіла новы стэнд для размяшчэння інфармацыі ўсімі службамі прафілактыкі, хутка падвязе пляжны пясок. На тэрыторыі возера ўжо функцыянуе сістэма відэаназірання. Дарэчы, афіцыйна купальны сезон адкрыецца 1 мая і будзе доўжыцца па 30 верасня.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: