Штотыднёвая нарада ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага ў гэты панядзелак пачалася з віншаванняў вернікаў каталіцкай канфесіі з Вялікаднем. Нягледзячы на тое, што панядзелак 1 красавіка супаў яшчэ з адным цікавым днём – Днём смеху, жартаваць асабліва не прыйшлося.
Сур’ёзныя пытанні і планы патрабуюць адказнага падыходу ў вырашэнні і рэалізацыі.
Што зімой, што летам
На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне адбыўся пажар, на якім загінуў пенсіянер. Устаноўлена прычына трагедыі – “класічная”, непадпарадкаваная ніякаму сезону – непатушаная цыгарэта.
Акрамя таго, зафіксаваны 3 узгаранні сухой расліннасці, 2 з якіх звязаны з выпальваннем дзятлаўчанамі смецця на прысядзібных участках не па правілах, а як прыйдзецца. Вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
– Сухое надвор’е прымушае кантраляваць не толькі сітуацыю з паламі, але і абмежаванні на наведванне лесу. Магчыма, гэта ненадоўга, стабільнасці па тэмпературы і ападках пакуль няма, між тым улічваць патрабаванні заканадаўства па бяспецы абавязаны ўсе грамадзяне, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
На дарогах “хрумсціць” метал
А разам з ім і чалавечыя жыцці. З надыходам вясны на дарогах усё часцей можна ўбачыць матацыклістаў і веласіпедыстаў. Сезон можна лічыць адкрытым. Аднак са з’яўленнем на дарогах двухколавага транспарту ўзрастае рызыка ўзнікнення дарожна-транспартных здарэнняў.
На мінулым тыдні на Гродзеншчыне пад колы аўтамабіляў трапілі два матацыклісты і два веласіпедысты. Трагічнае здарэнне адбылося і ў нашым раёне 31 сакавіка. Паблізу вёскі Галаўлі аўтамабіль МАЗ учыніў наезд на веласіпедыста, які рухаўся ў спадарожным кірунку. Веласіпедыст атрымаў сур’ёзныя траўмы, змешчаны ў ЦРБ. Вядзецца следства.
Праваахоўнікі, гледзячы на лічбы статыстыкі, папярэджваюць: матацыклістам варта памятаць пра хуткасны рэжым; веласіпедыстам абазначаць сябе і свой транспартны сродак святлоадлюстроўваючымі элементамі; вадзіцелям быць гатовымі да з’яўлення на дарозе непаўналетніх, у тым ліку на веласіпедах.
Увогуле ж, кожны ўдзельнік дарожнага руху абавязаны дакладна выконваць усе ўстаноўленыя правілы, каб мінімізаваць колькасць здарэнняў, і, самае галоўнае, не дапускаць гібелі людзей.
Хацелася б лепш
Дарожныя службы завяршаюць работы па навядзенні парадку на прыдарожных палосах. На нарадзе кіраўнік раёна настройваў спецыялістаў праводзіць работы больш якасна; не забываць пра неабходнасць рамонту і асфальтавання ўчасткаў дарог у населеных пунктах, а не толькі магістральных; акцэнтаваў увагу ЖКГ на слаба ачышчаных пасля зімы ад пяску з рэагентамі тратуарах, прывядзенні ў годны від газонаў, зялёных насаджэнняў.
Аб раслінаводстве
Сяўбу ранніх зерневых культур гаспадаркі раёна плануюць завяршыць на бягучым тыдні. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы маюць жаданне пасеяць звыш плана. Цукровыя буракі таксама пачнуць “трапляць” у глебу ўжо гэтымі днямі, іх будуць сеяць “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Граніт-Агра”. Паўсюдна прадаўжаецца другая падкормка азімых.
Андрэй Садоўскі нагадаў кіраўнікам гаспадарак і аб падкормцы траваў:
– Памятайце, што без сенажу, кармоў – тупік. Чым будзеце карміць жывёлу?
Звярнулі ўвагу і на стан яблыневага саду КСУП “Жукоўшчына”. Гэтай вясной плануецца пасадзіць 2 гектары маладых дрэўцаў.
На кантролі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама стаіць пытанне забеспячэння сельгаспрадпрыемстваў сродкамі абароны раслін.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga