Чысціня ў дварах і на вуліцах, прыгожыя кветкі на гарадскіх клумбах, своечасовы вываз смецця, ацяпленне, чыстая вада – усё гэта штодзённая адказнасць работнікаў Дзятлаўскага РУП ЖКГ і пастаянны клопат яго кіраўніка Васіля Пецюка.
– Наша арганізацыя шматпрофільная, дзе працуе каля 270 чалавек. У структуры прадпрыемства – участкі водазабеспячэння і водаадвядзення, ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак, жыллёва-эксплуатацыйны, санітарнай ачысткі, транспарту, добраўпарадкавання, будаўнічы, лазневая гаспадарка, год таму далучаны і камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва.
– Чым займаецеся ў Год якасці?
– Сёлета мяркуецца ажыццявіць бягучыя рамонты дваровых тэрыторый у Дзятлаве па Навагрудскай, 13, Кірава, 11, скончыць рамонт тратуара па вуліцы Кірава. Для патрэбаў горада будзе перакладзены ўчастак водаправоднай сеткі па вуліцы Леніна райцэнтра: цяпер ажыццяўляюцца работы па зборы даных для праектавання. Затым гэту вуліцу абавязкова адрамантуем. Па вуліцы Навагрудскай таксама будзе зроблены тратуар ад Цэнтральнай кацельні да будынка райветстанцыі. Увогуле па асфальтаванні ў Дзятлаве намечаны маштабныя работы. Яшчэ адзін важны аб’ект – “Рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве з выдзяленнем чэргаў будаўніцтва”, карэкціроўку праектна-каштарыснай дакументацыі па ім заканчвае УП “Гроднажылпраект”. З чэрвеня работа лазні будзе прыпынена для рэканструкцыі І чаргі будаўніцтва (рамонт крыла лазні). У гарпасёлку Наваельня цяпер ажыццяўляюцца работы па добраўпарадкаванні месцаў агульнага карыстання па вуліцы Шашэйнай – падрадная арганізацыя ААТ “Будкомплекс”. У час рамонту тут будзе мадэрнізавана плошча, зроблены стаянкі, тратуары, устаноўлены ліхтары, праведзена азеляненне, рынак для зручнасці будзе перамешчаны крыху ў глыб дваровай тэрыторыі. Прадоўжым і капітальныя рамонты жылфонду. У планах на 2024 год – 6 аб’ектаў: Наваельня, вуліца Снітко, 8, дзе работы вядзе ААТ “Будкомплекс”; будаўніча-мантажныя работы пачнуцца і па адрасе Наваельня, вуліца Дзятлаўская, 11А. Працэдура закупкі па выбары падраднай арганізацыі на выкананне будаўніча-мантажных работ аб’яўлена для двух аб’ектаў у Дзятлаве па вуліцах К. Цэткін, 7 і Чапаева, 19. Яшчэ 2 аб’екты капітальна адрамантуе ААТ “Будкомплекс”: Дзятлава, вуліца Першамайская, 7 і Наваельня, вуліца Чырвонаармейская, 30.
І самы важны для раёна аб’ект – рэканструкцыя ачысных збудаванняў у горадзе Дзятлаве. Чакаецца, што сёлета ў ІІ квартале з абласнога бюджэту будуць выдзелены 2 мільёны 900 тысяч рублёў на выкананне І пускавога комплексу будаўніча-мантажных работ, які ўключыць у сябе ўладкаванне прыёмнай камеры, пескаловак, першасных адстойнікаў і аэратэнак.
– Што плануеце да 80-годдзя вызвалення Беларусі?
– Добрая традыцыя РУП ЖКГ – штогод рабіць асаблівыя падарункі для горада. Напрыклад, да 525-годдзя райцэнтра ў парку мы за ўласныя сродкі ўстанавілі надпіс “Я люблю Дзятлава” коштам каля 10 тысяч рублёў. Сёлета таксама рыхтуем прыемныя сюрпрызы. Невялікія элементы добраўпарадкавання ў стылі “стары горад” з пліткі і арэлі з падсветкай з’явяцца ў мікрараёне вуліцы Навагрудскай каля возера і гарадскім парку. У планах таксама ўстаноўка малой архітэктурнай формы ў зоне вуліцы Савецкай каля ўезду на плошчу.
– Ці аднаўляецца машынна-трактарны парк прадпрыемства?
– У гэтым годзе ў лізінг набылі новы драбільны комплекс для вытворчасці драўнянай дранкі для кацельняў. Закуплены таксама міні-экскаватар, у планах да канца года набыць смеццявоз і асінізатарскую машыну.
– Вашы пажаданні з нагоды свята?
– Самыя цёплыя словы за ўклад у развіццё сферы адрасую ветэранам працы камунальнай службы. Актыўнага вам даўгалецця, светлых і шчаслівых дзён, сагрэтых цяплом родных і блізкіх. Нашаму калектыву – моцнага здароўя, энергіі, бадзёрасці духу, аптымізму, душэўнай гармоніі, поспехаў у нялёгкай працы і няхай часцей на ваш адрас гучыць шчырае слова “дзякуй”.
“Радавыя” камунальнага фронту
Камунальная сфера шырокая, тут працуюць электрыкі, будаўнікі, машыністы кацельняў, механізатары, вадзіцелі, слесары, дворнікі. На гэты раз у аб’ектыве “радавыя” камунальнага фронту.
Цёплае прывітанне ад Цэнтральнай кацельні
Менавіта тут трэці год апаратчыкам хімводаачысткі працуе Вольга Сідорчык.
– Наогул, у камунальнай сферы я 13 гадоў, у тым ліку на кацельнях, – прызнаецца Вольга Сяргееўна. – Цэнтральная кацельня аўтаматызавана, апальваецца шчэпкамі, рэзервовы від паліва – газ. Каб “разумныя” агрэгаты працавалі бесперабойна, у сістэме для генерацыі цяпла патрэбна мяккая вада, якая не ўтварае накіпу і асадку, што шкодзяць абсталяванню, інакш горад можа застацца без цяпла і гарачай вады. Задача апаратчыкаў – браць пробы кожныя 2 гадзіны. Калі мяккасць неадпаведная – умешваемся ў працэс і даводзім яе да патрэбных паказчыкаў. З такімі ж праверкамі, але значна радзей, бываем на іншых кацельнях горада. Работа цікавая, падабаецца, асабліва прыемна, што побач зладжаны калектыў: 13 чалавек пад кіраўніцтвам майстра Вячаслава Канюшкевіча.
Не проста каўшом заграбаць
Стаж механізатара Мікалая Юркевіча ў камунальнай сферы набліжаецца да круглай даты ў 20 гадоў. Са сваёй тэхнікай ён даўно на “ты”, і яна яго не падводзіць. Мікалай Мікалаевіч у залежнасці ад рабочага задання садзіцца за руль экскаватара “Беларус-82П” або пагрузчыка “Амкадор-527”.
– На кацельнях я займаюся загрузкай дранкі. Работа нескладаная, аднак таксама патрабуе звычкі і спрыту, – дзеліцца тонкасцямі прафесіі Мікалай Мікалаевіч. – Больш уважлівым і акуратным трэба быць, калі працуеш на экскаватары пры ліквідацыі парываў і аварый. Сярод складанасцяў службы – неспадзяваныя моманты. Аварыя можа здарыцца і ноччу, і ў любое надвор’е. Вельмі хочацца, каб нашы клопаты дзятлаўчане прымалі з удзячнасцю.
Дзе паспрабаваць “бярозавай кашы”?
Пра гэта ведае Святлана Кузьміч і нават можа параіць, які венік для парылкі лепшы. Наведвальнікі лазні гарпасёлка Казлоўшчына цудоўна ведаюць гэтага прыемнага ў размове, адкрытага і вясёлага лазеншчыка-касіра.
– Людзі да нас ідуць-едуць актыўна, праўда, мужчыны ўсё-такі большыя аматары “лёгкай пары”, іх за рабочую змену можа прыходзіць да 70 чалавек, – расказвае Святлана Мікалаеўна. – Жанчын – да некалькіх дзясяткаў. Пераважна ўсё гэта пастаянныя кліенты, нават са Слоніма. Святлана Кузьміч упэўнена, што лазневыя працэдуры для многіх не проста захапленне, а стыль жыцця. Прыемна, што гэта ідзе людзям на карысць. А таму едзьце ў Казлоўшчыну, у лазню, і не хварэйце, так раіць Святлана Мікалаеўна.
Як у ваду глядзеў
Слесар аднаўленчых работ участка водаправода і каналізацыі Аляксандр Місцюкевіч у прафесіі 15 гадоў. Вопыту ў слясарнай справе яму не займаць, хаця пра свае будні расказвае сціпла.
– Займаемся рамонтам вадзяных трубаў, манціраваннем свідравінаў, заменай помпаў, – пералічвае рабочыя абавязкі Аляксандр Аляксандравіч. – Калі здараецца паломка, гучыць: “Брыгада на выезд!”, – і мы, 4 рамонтнікі, імчым ухіляць праблему. У любое надвор’е стараемся выканаць работы за гадзіну, каб да людзей вярнуўся камфорт. Сярод самых складаных выпадкаў успамінаецца адзін з зімовых выездаў, калі не адразу адшукалі месца прабою, бо з-за скаванай халадамі зямлі вада “выйшла” крыху далей. Тым не менш работу сваю люблю, бо кожны новы дзень не падобны на папярэдні, прыносіць свае задачы і вымушае быць “у тонусе”.
А вы якога сорту?
Сартавальшчык сухога смецця ўчастка добраўпарадкавання Ірына Крывагуз – камунальнік з 20-гадовым стажам і выдатна ведае, да якой катэгорыі аднесці другасныя рэсурсы, што трапілі ў “чырвоныя” кантэйнеры жыхароў ці урны на пляцоўках для раздзельнага збору. На жаль, за апошнія 3 гады, якія яна займаецца сартаваннем адходаў, многае можа сказаць і пра катэгорыі людзей.
– Безумоўна, ёсць у нас вельмі адказныя жыхары, якія клапоцяцца, каб у спецыяльны кантэйнер не трапляла нічога бруднага, лішняга, – гаворыць аб набалелым Ірына Іванаўна. – Аднак бываюць і несумленныя грамадзяне. У нас ёсць 2 прэсы – для пластыку і макулатуры. Прычым для макулатуры прэс-еўракантэйнер адпавядае самым сучасным патрабаванням: ён не толькі ўшчыльняе паперу і можа напакаваць яе да 4 тон у невялікім аб’ёме, але і служыць сродкам для перавозкі. Поўны забірае грузаатрымальнік, а нам пакідае такі ж пусты. Паперу і кардон нам здаюць усе арганізацыі раёна. Напрыканцы другасныя рэсурсы ўласным транспартам ад нас забіраюць арганізацыі-прыёмшчыкі з Ліды, Магілёва, Мінска, Баранавічаў, а наша задача – усё гэта для іх пасартаваць, запакаваць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga