Збор грыбоў і ягад па-ранейшаму бясплатны

Падзеі

З 31 снежня 2016 года набыў сілу новы Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які прадпісвае правілы знаходжання ў лясным фондзе і карыстання ляснымі рэсурсамі для насельніцтва і арганізацый. Што можна, а што нельга цяпер рабіць у лесе, высвятляю ў інжынера па ахове лесу дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Дзятлаўскі лясгас” Міхаіла Карэнкі.

— Міхаіл Аляксандравіч, агучу, мяркую, хвалюючае на сёння пытанне для жыхароў раёна: збіраць грыбы і ягады ў лесе можна бясплатна?

— Безумоўна. Згодна з артыкулам 44 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь, грамадзяне маюць права без дазваляльных дакументаў бясплатна ажыццяўляць для задавальнення ўласных патрэбаў збор дзікарослых ягад, грыбоў, пладоў, арэхаў і іншых (акрамя драўніны) лясных рэсурсаў.

— Ці ёсць выключэнні?

— Паводле Ляснога кодэкса, нарыхтоўка, збор грамадзянамі дзікарослых раслінаў і грыбоў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь або тых, якія трапляюць пад дзеянне міжнародных дамоваў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, а таксама ўключаных у пералік наркаўтрымліваючых раслінаў і прыроднай наркаўтрымліваючай сыравіны, зацверджаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, забараняецца.

— Хутка пачнецца сезон бярозавага соку. Яго таксама можна збіраць бясплатна?

— Нарыхтоўку соку, у тым ліку бярозавіку, можна весці бясплатна на ўчастках ляснога фонду, якія вызначаны для гэтых мэтаў Дзятлаўскім лясгасам або яго структурнымі падраздзяленнямі – лясніцтвамі раёна. Інфармацыя пра месцазнаходжанне такіх участкаў ляснога фонду будзе паведамляцца на афіцыйным сайце ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” forestdyat.by, а таксама ў раённай газеце “Перамога” і па раённым радыё.

Таксама бясплатна, на падставе ляснога білета, на ўчастках ляснога фонду грамадзяне могуць размяшчаць пасекі, праводзіць сенакос, выпас жывёлін.

— Якія правілы павінны ведаць і выконваць людзі ў лесе?

— Грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі ляснога фонду, абавязаны: выконваць патрабаванні заканадаўства аб выкарыстанні, ахове, абароне і аднаўленні лясоў, аб ахове навакольнага асяроддзя;

выконваць правілы пажарнай бяспекі ў лясах, а ў выпадку выяўлення ляснога пажару неадкладна паведаміць пра гэта ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” па тэлефоне 6-10-70 або ў найбліжэйшае лясніцтва, або органам і падраздзяленням дзяржаўнага кіравання па надзвычайных сітуацыях і садзейнічаць тушэнню пажару;

не дапускаць незаконнай высечкі, пашкоджання і (або) знішчэння лясных насаджэнняў, забруджвання лясоў адходамі, знішчэння або спусташэння мурашнікаў, гнёздаў, нораў і іншых месцаў жыхарства дзікіх жывёлін, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых заканадаўчымі актамі; размяшчаць адходы толькі ў месцах часовага захоўвання адходаў.

— Хто, у рэшце рэшт, будзе нарыхтоўваць лясныя дары на платнай аснове? Што зменіцца ў парадку аплаты?

— Плата за пабочнае лесакарыстанне і нарыхтоўку другасных лясных рэсурсаў прадугледжана толькі для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Новы Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь мяняе паўнамоцтвы па ўстанаўленні таксавага кошту. Да 31 снежня 2016 года таксы за пабочнае лесакарыстанне і нарыхтоўку другасных лясных рэсурсаў устанаўліваліся  мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. З гэтага года таксы ўстанаўліваюцца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і прывязаны да базавай велічыні (пастанова Савета Міністраў ад 17 лістапада 2016 года №927 “Аб устанаўленні таксавага кошту за пабочнае лесакарыстанне і нарыхтоўку другасных лясных рэсурсаў, карыстанне ўчасткамі ляснога фонду ў культурна-аздараўленчых, турысцкіх, іншых рэкрэацыйных і (або) спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, спартыўных, навукова-даследчых і адукацыйных мэтах”).

Гутарыла Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *