Дзелавы панядзелак. На нарадзе: апошнія прыгатаванні перад стартам пасяўной і юбілей Канстытуцыі

Важнае Улада

Пра пачатак палявых работ на сяле, небяспечныя ўчынкі падлеткаў, Дзень Канстытуцыі, масленічны тыдзень, палы на прысядзібных участках гаварылі на нарадзе, якую правёў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік.

Якія патрэбы на вясновую сяўбу?

Тэма актуальная. Абмяркоўвалі як на абласной нарадзе, так і на раённай. Дзятлаўскімі сельгаспрадпрыемствамі да пасяўной нарыхтавана насення: 1355 тон зерневых і зернебабовых культур, 28 тон шматгадовых траваў, 50 тон кукурузы, 600 тон бульбы і іншыя віды. Мінеральнымі ўгнаеннямі гаспадаркі забяспечаны на 70 % ад патрэбы. Праводзяцца тэндары на закупку сродкаў абароны раслін. Гатоўнасць тэхнікі па раёне складае 95,7 %. Вырашаюцца аператыўна пытанні па кадравым забеспячэнні ў аграрным сектары. На пасяўную кампанію на дапамогу гаспадаркам прыйдуць прадпрыемствы раёна. Такая неабходнасць сёння ёсць у КСУПах “Жукоўшчына”, “Хвінявічы”, ААТ “Дварэц-Агра”.

Асобным пунктам стаіць кантроль па ахове працы. Дарэчы, на бягучым тыдні праводзіцца абласны “Тыдзень нулявога траўматызму”, у рамках якога пройдуць семінары-навучанні, маніторынгі. Дадзенае мерапрыемства праводзіцца з мэтай прадухілення выпадкаў вытворчага траўматызму ў арганізацыях шляхам аператыўнага выяўлення парушэнняў нормаў аховы працы і прымянення мераў па іх ліквідацыі.

Падлеткавая бестурботнасць

Цудоўнае жаночае свята 8 Сакавіка ледзь не скончылася трагічна для 14-гадовага хлопчыка з аднаго з аграгарадкоў Дзятлаўскага раёна. Яго мама жыве ў Мінску, а ён – у бабулі на Дзятлаўшчыне. Як патлумачыў сам юнак, вельмі перажываў, што мама рэдка да яго прыязджае, гэта прывяло да неабдуманага ўчынку. Ён вырашыў ісці да сталіцы пешшу. З сабой узяў, як назваў сам, набор для выжывання. У святочны дзень накіраваўся ў дарогу, ноч правёў у лесе. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі яго раніцаю 9 сакавіка ў лясным масіве каля вёскі Дубатоўка, што мяжуе з Навагрудскім раёнам. Стан хлопчыка здавальняючы, медыцынская дапамога не спатрэбілася.

Патрыятычнае выхаванне

Таксама на нарадзе гаварылі пра ўсебеларускую акцыю “Мы –грамадзяне Беларусі”, якая стартавала сёння, 11 сакавіка.

У гэтым годзе акцыя прымеркавана да асаблівых знакавых юбілейных дат: 30-годдзя з дня прыняцця асноўнага закона краіны – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і заснавання інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі.

У пятніцу 15 сакавіка ў Цэнтры культуры і народнай творчасці ў Дзятлаве пройдзе святочнае мерапрыемства, на якім юныя дзятлаўчане, якім споўнілася 14 гадоў, атрымаюць свой галоўны дакумент. З 2004 года патрыятычная ініцыятыва па ўрачыстым уручэнні юным беларусам пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь стала добрай традыцыяй і гонарам для кожнага яе ўдзельніка.

Яшчэ да Дня Канстытуцыі Беларусі ў раёне пройдуць дыялогавыя пляцоўкі, моладзевыя акцыі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: