На Дзятлаўшчыне адбыліся чарговыя сустрэчы з працоўнымі калектывамі і грамадзянамі па месцы жыхарства, у час якіх прадстаўнікі кіраўніцтва раёна тлумачылі асаблівасці электаральнай кампаніі 2024 года і знаёмілі дзятлаўчан з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка разам з галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марынай Абрамчык наведалі калектыў Новаяльнянскай гарадской бальніцы.
– На “Выбарах-2024” у Гродзенскай вобласці будуць абраны больш за паўтары тысячы дэпутатаў, у тым ліку 13 – у Палату прадстаўнікоў, 60 дэпутатаў абласнога Савета, 472 – у раённыя Саветы дэпутатаў і 972 – у сельскія, – увёў прысутных у курс справы Вадзім Бялятка.
Таксама ён спыніўся на ключавых дасягненнях у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна за мінулы год: у жывёлагадоўлі і раслінаводстве, будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, адукацыі і турызме.
– За дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскі раён прызнаны пераможцам спаборніцтваў і занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару, – нагадаў Вадзім Аляксандравіч.
Марына Абрамчык пазнаёміла медыкаў з новаўвядзеннямі выбараў 2024 года і расказала, што чакае беларусаў пасля адзінага дня галасавання:
– З нашага выбару пачнецца фарміраванне органаў прадстаўнічай улады. Далей, 4 красавіка, на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў ужо новага, 29-га склікання, будуць абраны 56 членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, яшчэ 8 прызначыць кіраўнік дзяржавы. Не пазней за 18 красавіка будзе сфарміраваны вышэйшы прадстаўнічы орган улады – Усебеларускі народны сход, дэлегатаў у які вылучаць з прадстаўнікоў усіх галін улады, мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці.
Намеснік старшыні райвыканкама расказаў, што на бягучы год запланаваны капітальны рамонт Новаяльнянскай гарадской бальніцы, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Таксама ён заклікаў дзятлаўчан не заставацца раўнадушнымі да будучыні сваёй краіны, прыняць актыўны ўдзел у выбарах дэпутатаў на ўсіх узроўнях.
У гэты ж дзень намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Вольга Жэлезоўская сустрэлася з калектывам раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Работнікам культуры расказалі пра асаблівасці электаральнай кампаніі 2024 года, якія прадыктаваны абноўленай Канстытуцыяй і патрабаваннямі сучаснасці. Таксама гаварылі аб бягучай сітуацыі выбарчай кампаніі ў разрэзе Дзятлаўскага раёна і краіны ў цэлым.
Вольга Жэлезоўская пазнаёміла прысутных з вынікамі і дасягненнямі ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна за 2023 год, заўважыла, што летась было шмат зроблена па рамонце вуліц і жыллёвага сектара Дзятлаўшчыны:
– За бюджэтныя сродкі выкананы бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі ў горадзе Дзятлаве, пасёлках Наваельня, Казлоўшчына. Завершаны работы па капітальным рамонце жылога дома № 28 па вуліцы Перамогі ў Дзятлаве, заканчваюцца на жылых дамах у аграгарадку Гезгалы, пасёлку Казлоўшчына. У мінулым годзе на капітальны рамонт жылля з бюджэту было выдзелена больш за 1 мільён рублёў.
Вольга Антонаўна расказала аб тым, якія навіны ў гандлі, будаўніцтве і сацыяльнай сферы чакаюць дзятлаўчан бліжэйшым часам, адказала на пытанні з залы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga