У працоўным калектыве КСУП “Хвінявічы” прайшла чарговая інфармацыйная сустрэча, на якой слухачоў пазнаёмілі з ходам расследавання генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Праект ініцыіраваны Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь для азнаямлення суайчыннікаў з новымі фактамі следства і захавання гістарычнай памяці, – расказала прысутным галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык. – Яго мэта – раскрыць трагічныя старонкі нашай гісторыі, захаваць памяць аб людзях, якія з гонарам вытрымалі выпрабаванні таго суровага часу, загінулі на палях бітваў або былі знішчаны фашысцкімі карнікамі ў час ваеннага ліхалецця і пасляваенны перыяд.
Такую няпростую і балючую тэму, як расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа узняў у сваім выступленні намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч.
– Масавае знішчэнне людзей гітлераўскай Германіяй было пастаўлена на паток і вялося варварскімі метадамі і сродкамі: прымяняліся расстрэлы і шыбеніцы, газавыя камеры і спальванне, голад і распаўсюджанне эпідэмій. Гэта павінна было навесці страх, задушыць спробы супраціўлення акупацыйнаму рэжыму. На тэрыторыі Беларусі было арганізавана больш за 580 лагераў смерці, дзе знішчылі шмат беларусаў, – расказаў Сяргей Уладзіміравіч.
Ён адзначыў той факт, што ў сучасным свеце многія краіны не проста сталі забываць трагічную гісторыю ваенных гадоў, але і прадпрымаюць спробы апраўдання нацызму, што недапушчальна.
Даклады выступоўцаў былі дапоўнены праглядам кінафільма “Карнікі Дырлівангера” з дакументальнага цыкла “Без тэрміну даўнасці” аб генацыдзе мірнага насельніцтва Беларусі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga