10 лістапада 32 гады існавання адзначыла Беларуская грамадская арганізацыя ветэранаў органаў унутраных спраў, пярвічка якой функцыянуе і на Дзятлаўшчыне.
У гісторыю дзятлаўскай міліцыі ўпісана нямала яркіх старонак і слаўных імён. Свой адлік яна пачынае з 1939 года, калі супрацоўнікамі было шмат зроблена для навядзення грамадскага парадку. Хутка пачалася Вялікая Айчынная вайна, раён быў акупіраваны. У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць стэнд, прысвечаны Міхаілу Карабанаву і Уладзіміру Зайцу. Абодва – прыклад сумленнага служэння Радзіме і сваёй прафесіі. Міхаіл Васільевіч спачатку працаваў оперупаўнаважаным Зэльвенскага, Свіслацкага, Казлоўшчынскага аддзелаў унутраных спраў, а з 1968 года – старшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Дзятлаўскага РАУС, пазней – начальнікам раённага аддзела “Ахова”. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, “30 гадоў Савецкай Арміі і Флота”, “За бездакорную службу” І ступені.
Уладзімір Заяц прыйшоў працаваць у міліцыю пасля вайны па камсамольскай пуцёўцы. Час быў нялёгкі: у лясах яшчэ хаваліся бандыты, якія па начах рабавалі і забівалі мясцовых жыхароў. На рахунку гэтага смелага чалавека шмат подзвігаў, здзейсненых з вялікай рызыкай для жыцця. Ён служыў участковым інспектарам міліцыі, здолеў сабраць каля сябе кагорту актывістаў. Разам яны арыштавалі злачынцу, які ўчыніў шэраг рабаўніцтваў і разбояў у вёсцы Нагародавічы. Крыху пазней Уладзімір Паўлавіч змог затрымаць і былога каменданта нямецкай паліцыі Хапрова, вінаватага ў шматлікіх забойствах і ваенных злачынствах супраць краіны і народа.
У час Вялікай Айчыннай вайны з ворагамі змагаўся дзятлаўскі міліцыянер, ураджэнец вёскі Погіры Браніслаў Грэйня. Калі немцы акупіравалі раён, Браніслаў Герасімавіч пайшоў у партызанскі атрад, дзе ваяваў да ліпеня 1944 года, пасля вызвалення Беларусі ўступіў у рады дзеючай арміі, загінуў на фронце.
Партызанам атрада “Непераможны” Ленінскай партызанскай брыгады быў Іван Талерчык. Прайшоўшы выпрабаванні ваеннага ліхалецця, Іван Васільевіч служыў міліцыянерам у гарпасёлку Казлоўшчына і загінуў ад рук бандытаў 19 лютага 1948 года ў вёсцы Колкі.
У 1940 годзе працаваць у міліцыю прыйшоў Васіль Радзівон. Калі раён акупіравалі немцы, яго пакінулі на захопленай тэрыторыі для падпольнай дзейнасці. У ліпені 1941 года здраднік выдаў Васіля Мікітавіча. Ён быў расстраляны, пахаваны на могілках вёскі Страла.
Супрацоўнікі і ветэраны аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама не забываюць імёнаў міліцыянераў-ветэранаў вайны: А. Урублеўскага, У. Кадавіка, Г. Харкевіча, М. Хмурчыка, М. Белавуса, Г. Раўгейжу, М. Трубілу.
Да 100-годдзя службы ўчастковых інспектараў міліцыі варта ўзгадаць супрацоўнікаў Ф. Шостака, І. Мацюкевіча, К. Уласевіча, Л. Жэгалу, В. Луню.
Шмат добрых словаў можна сказаць на адрас былых супрацоўнікаў В. Саваня, В. Копаця, Л. Ломаця, І. Чэрніка, Т. Лайло, У. Капціловіча, С. Макарчыка, Г. Гуз, У. Новікава.
Усім, хто насіў ганаровае званне “міліцыянер”, і іх блізкім шчыра жадаем здароўя, міру, дабрабыту, грамадскай актыўнасці, шчасця.
Аляксандр ЛАМАКА,
старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga