Супрацоўнікі міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў у рамках дадатковых мераў па забеспячэнні бяспекі ўразлівых удзельнікаў дарожнага руху сумесна з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы правялі прафілактычную акцыю.
З мэтай папулярызацыі святлоадлюстроўваючых элементаў, бясплатна раздавалі на вуліцах райцэнтра флікеры пешаходам. Прафілактычнае мерапрыемства прадоўжылася ва ўстановах адукацыі горада Дзятлава, дзе юным пешаходам нагадалі правілы і бяспечны маршрут руху “Дом-Школа-Дом”. Дзецям таксама падарылі святлоадлюстроўваючыя элементы.
– Праведзеная сёння акцыя не апошняя. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі і далей будуць рабіць усё, што ў іх сілах, каб прывіць дзецям і дарослым навыкі бяспечных паводзінаў на дарозе. Лічу, важна арганізоўваць такія мерапрыемствы ў навучальных і лячэбных установах, гутаркі з бацькамі, спецыяльныя лекторыі і нават супрацоўнічаць з царквой. Вялікі дзякуй за ўдзел у сённяшнім мерапрыемстве настаяцелю сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, благачыннаму цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэю Іаану Кісялю, а таксама клірыку храма іерэю Аляксею Сцепановічу і супрацоўніку місіянерскага аддзела Навагрудскай епархіі Аляксандру Пышко, – адзначыў старшы дзяржаўтаінспектар Алег Ляўкевіч.
Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае! У цёмны час сутак і падчас непагадзі вадзіцель заўважае пешахода ў апошні момант. Гэтага часу бывае недастаткова, каб прадухіліць наезд. Таму выкарыстанне пешаходамі святлоадлюстроўваючых элементаў у такіх умовах застаецца адным з дзейсных спосабаў засцерагчы сябе на дарозе, асабліва цяпер, калі за акном восень і дзень імкліва скарачаецца, ідуць дажджы, спускаецца туман, якія пагаршаюць бачнасць на дарозе, ствараюць небяспеку для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga