На чарговай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы і кірункі работы, якім надаецца ўвага.
Бяспека ў побыце і на жніве
Не губляюць сваёй актуальнасці пытанні бяспекі. На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне зарэгістраваны два пажары, першы з іх адбыўся ў вёсцы Харабровічы, дзе гарэў нежылы дом, дакладная прычына здарэння ўстанаўліваецца. Другі выклікае некаторыя пытанні: з-за недастатковага дасушвання адбылося самаўзгаранне сена новага ўраджаю. Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі звярнуў увагу спецыялістаў на тое, што стан кармоў павінны больш адказна кантраляваць адпаведныя лабараторыі.
Прадаўжаецца мэтанакіраваная прафілактычная работа з насельніцтвам: у аграгарадку Жукоўшчына прайшоў шырокамаштабны сельскі сход, дзе спецыялісты розных службаў давялі людзям інфармацыю па сваіх напрамках дзейнасці, нагадалі правілы абярэжлівых паводзінаў. Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што прафілактыка павінна заўсёды быць у фокусе ўвагі, у тым ліку на жніве, дзе першым чынам перад уборачнымі работамі неабходна праводзіць абворванне палёў, “наразаць” на іх палосы для доступу пажарных машынаў да збожжаўборачнай тэхнікі, дарэчы, 3 гаспадаркі ўжо звярнуліся да ратаўнікоў з запытам аб забеспячэнні супрацьпажарнага прыкрыцця ў час уборачнай кампаніі. У гэты ж перыяд праваахоўнікі больш пільна будуць правяраць захаванасць паліва, зерня новага ўраджаю, тавараматэрыяльных каштоўнасцяў у сельскіх гаспадарках, звернуць яны ўвагу і на герметызацыю прычэпаў для перавозкі збожжа, пракантралююць працоўную дысцыпліну, а ратаўнікі правядуць рэйдавыя мерапрыемствы па збожжасушыльных комплексах, правераць іх забяспечанасць сродкамі пажаратушэння, у тым ліку воднымі помпамі.
У кожнага сваё поле работ
Цяпер аграрыі ўбіраюць азімы ячмень, на Дзятлаўшчыне ўжо перасягнута першая тысяча па намалоце гэтай культуры, усяго зжата 48 % плошчаў, на гэтым тыдні мяркуецца ўбраць поўнасцю.
Пакуль не “ўвайшлі” ў актыўнае жніво, старшыня райвыканкама даручыў земляробам большы ўхіл рабіць на нарыхтоўку кармоў, бо назіраецца адставанне ў параўнанні з мінулагоднімі лічбамі. Рыхтуецца раён і да ўборкі лёну, якая можа пачацца праз некалькі тыдняў, у цэнтры ўвагі льноўборачная тэхніка. Андрэй Садоўскі заклікаў сёлета паклапаціцца і аб нарыхтоўцы ўласнага насення гэтай культуры, ды і зерневых па магчымасці. Дасканала праверыць варта вагавую гаспадарку, бо памылковыя лічбы, калі справа тычыцца ўраджаю, недапушчальныя.
Пакуль сельгасработнікі клапоцяцца, каб на палетках усё вырасла, міліцыя наадварот сочыць, каб на прысядзібных участках жыхароў раёна не было алейнага маку. Факты яго вырастання ўжо былі зарэгістраваны ў гаспадароў з Дзятлава, Накрышак, Вусця.
Іншыя тэмы коратка
На Дзятлаўшчыне ў ТАА “Ізакам” рэалізоўваецца інвестыцыйны праект, разлічаны на 2020-2025 гады. Пад яго ажыццяўленне ўжо выкарыстана 56 % выдзеленых інвестыцыйных сродкаў: створана 5 з 20 запланаваных новых працоўных месцаў, паступова абнаўляецца абсталяванне.
З 1 ліпеня ўступілі ў дзеянне новыя правілы падаткаабкладання для рамеснікаў. Яшчэ раней у раёне адбылася тлумачальная сустрэча ў гэтым кірунку з запрашэннем падаваць у службу “адно акно” заявы з інфармацыяй аб відзе сваёй дзейнасці. З 93 рамеснікаў раёна іх падалі 25 чалавек, а да ўплаты рамеснага збору прызнаны 7, якія займаюцца дзейнасцю, больш набліжанай да адраджэння традыцыйных беларускіх промыслаў.
Згодна з заканадаўствам аб навядзенні парадку на зямлі і фарміраваннем адпаведнай электроннай базы, на кантролі ў раёне знаходзіцца і пытанне наяўнасці незаконных збудаванняў або фактаў самавольнага завалодання ўчасткамі. Нагадаем, што да 1 верасня 2025 года ў гаспадароў “шэрых” будынкаў яшчэ ёсць магчымасць іх узаконіць афіцыйна. Для гэтага таксама трэба звяртацца ў службу “адно акно”.
Прадаўжаецца барацьба з інвазійнымі раслінамі: у севазварот пасля меліярацыі ўвайшлі палі каля вёскі Яблынька. Падобныя работы праведзены ў ТАА “РоданАгра” каля вёскі Хамічы, а ў лакацыі вёскі Лозкі ажыццяўляецца апырскванне гліфасатамі. Увогуле, самыя вялікія плошчы шкодных раслін у нашым раёне знаходзяцца менавіта на тэрыторыі гаспадарак ТАА “РоданАгра” і КСУП “Хвінявічы.
Стартавала акцыя “Збяром дзяцей у школу”. З бюджэту будуць прафінансаваны 276 шматдзетных сем’яў Дзятлаўшчыны, дзе гадуецца 582 дзіцяці. Да падтрымкі малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў далучацца грамадскія арганізацыі і прадпрыемствы раёна.
Дзятлаўскаму РУП ЖКГ кіраўніком раёна даручана больш актыўна сачыць за ўтрыманнем тэрыторый прыватных домаўладанняў. Як адзначыў Андрэй Садоўскі, адны дзятлаўчане садзяць кветкі, іншыя ж не могуць прыбраць смецце каля ўласнай агароджы ці пакасіць бур’ян. У гэтым выпадку варта выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс і афармляць прадпісанні на нядбайных гаспадароў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga