Вялікае шумнае свята для дзятвы прайшло 1 чэрвеня на адкрытай пляцоўцы каля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Працавалі атракцыёны, у продажы былі любімыя ў дзяцей папкорн і салодкая вата.

Стартавала свята з канцэртна-забаўляльнай праграмы “Гэты свет мы дорым дзецям”. Зрабіць першы крок у праект “Тваё лета-2023” дзяцей і моладзь раёна запрасілі вясёлыя клоўны, якімі сталі работнікі культуры Ала Чарняўская і Алена Касцюк. Яны расказалі, што на працягу трох месяцаў на адкрытых пляцоўках будуць ладзіцца гульні і конкурсы, за ўдзел у якіх можна будзе атрымаць жэтоны. Вынікі “актыўнасці” падвядуць 18 жніўня на моладзевым вулічным капусніку з аднайменнай назвай “Тваё лета”. Пераможцы атрымаюць прызы.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Не пакідайце дзяцей адных” перацягванне пажарнага рукава і сапраўднае воднае шоу для юных удзельнікаў сустрэчы падрыхтавалі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, таксама нагадалі падрастаючаму пакаленню, як варта паводзіць сябе на канікулах, каб яны не былі азмрочаны непрыемнымі і небяспечнымі здарэннямі, а ў якасці падказак раздалі памяткі і флаеры.

Самым яркім “штрыхом” урачыстай праграмы стаў, вядома ж, коларфэст. Хлопчыкі і дзяўчынкі шчодра пасыпалі адзін аднаго фарбамі, паўсюль былі чуваць смех і жарты, а фотаздымкі на памяць атрымаліся такімі ж стракатымі і рознакаляровымі, як твары і адзенне юных гарэзаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации