Узнагароды і падарункі тым, хто дорыць нам чысціню, цяпло і камфорт! (+відэа)

Важнае Улада

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі Дзятлаўскага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна, гасцей і артыстаў Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў.

Урачыстасць праходзіла ў Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, звяртаючыся да прысутных са сцэны, пажадаў, каб дабрабыт і росквіт сталі дастойнымі ўзнагародамі за працу работнікаў жыллёва-камунальнай службы.

– Сфера самая шматгранная і складаная, тут выпадковых людзей не бывае, працуюць толькі тыя, хто ведае і любіць сваю справу. Жадаю, каб на ваш адрас гучалі добрыя словы, у сем’ях быў спакой, а арганізацыі – фінансавага працвітання. Райвыканкам заўсёды быў вашым тылам, і надалей можаце спадзявацца на нашу падтрымку, – сказаў Андрэй Уладзіміравіч.

Кіраўнік раёна ўзнагародзіў Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта: бухгалтара Наталлю Саўчыц, вадзіцеля пагрузчыка Алега Панасенкава, спецыяліста па кадрах Таццяну Лагун; Падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта: аператара кацельні Фёдара Грышука, слесара па эксплуатацыі і рамонце абсталявання Дзмітрыя Жыдко, тынкоўшчыка Максіма Ківачука, сартыроўшчыка другаснай сыравіны Ірыну Крывагуз.

Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Моцнага вам здароўя, міру, сонечных дзён, удачы ў вашай няпростай і вельмі патрэбнай працы. Ад вашых намаганняў і старанняў залежыць дабрабыт дзятлаўчан.

Аляксандр Станіслававіч уручыў Ганаровую грамату Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў: бухгалтару Марыі Ерамейчык, начальніку жыллёва-рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка гарпасёлка Казлоўшчына Віктару Цярэшку, трактарысту Яўгену Шмыгіну; Падзячны ліст старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў: аператару кацельні Юрыю Бортка, трактарысту Леаніду Касачу, прыбіральшчыцы памяшканняў Марыі Мешкевіч, вадзіцелю пагрузчыка Сяргею Юркевічу.

Дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк падзякаваў работнікам і ветэранам сваёй арганізацыі за тое, што яны зрабілі і працягваюць рабіць на карысць роднага горада і раёна, і ўручыў узнагароды ад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, абласнога и раённага прадпрыемстваў ЖКГ.

Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Аляксандр Адамчык уручыў падзякі прафсаюзнаму актыву камунальнікаў.

Госць свята, нядаўна яшчэ работнік РУП ЖКГ, а зараз дырэктар Дзятлаўскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства “Гроднааблпаліва” Васілій Шпакоўскі павіншаваў калектыў камунальнікаў з надыходзячым святам, уручыў каштоўны падарунак для Новаяльнянскага ўчастка. А таксама Васілій Іванавіч перадаў шчырае прывітанне, пажаданне аптымізму і станоўчага настрою цудоўным дзятлаўскім людзям, поспеху РУП ЖКГ ад былога старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Івана Крахмальчыка, які зараз узначальвае прадпрыемства “Гроднааблпаліва”.

За цудоўны віншавальны канцэрт дырэктар РУП ЖКГ Васіль Пяцюк падзякаваў супрацоўнікам Навагрудскага цэнтра культуры і перадаў ім падарунак і кветкі.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga