Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча прайшло пашыранае сумеснае пасяджэнне каардынацыйнага савета Дзятлаўскага райвыканкама па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях”, камісіі па справах непаўналетніх, савета аддзела адукацыі.
Таксама ўдзел у сустрэчы прынялі старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі ўстановаў адукацыі і іх намеснікі па выхаваўчай рабоце, кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый раёна, дзе працуюць і дапусцілі прагулы абавязаныя асобы.
– Асноўная наша задача – абараняць жыццё і здароўе дзяцей, пастарацца, каб жылі яны ў годных умовах, гадаваліся побач з бацькамі, – задаў тон размове Ігар Кухарэвіч. – Нягледзячы на высокі ўзровень выканання суб’ектамі прафілактыкі раёна патрабаванняў дэкрэта, недахопы ў рабоце яшчэ ёсць, што патрабуе прыняцця мер па яе ўдасканаленні ў асобных кірунках. Мінулы год паказаў, што прыкметы сямейнага недабрабыту (часцей гэта п’янкі бацькоў) вяртаюцца ў сям’ю пасля яе “рэабілітацыі” на працягу года. Так, 10 з 27 сем’яў, прызнаных летась у сацыяльна ненадзейным становішчы, былі пастаўлены на кантроль паўторна. Застаецца высокім (18 % ад прызнаных у сацыяльна ненадзейным становішчы) паказчык прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраных у бацькоў – летась 12 дзяцей з 7 сем’яў. Асноўная крыніца гэтай праблемы, зноў жа, злоўжыванне бацькоў спіртным. Неспрыяльная сітуацыя па прафілактыцы сямейнага недабрабыту на працягу двух гадоў, нягледзячы на старанні мясцовых службаў прафілактыкі, назіралася на тэрыторыі Парэцкага сельсавета. У раёне вырас паказчык сацыяльнага сіроцтва. У 2022 годзе былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў 8 бацькоў (4 сям’і) у дачыненні да 8 дзяцей.
На наркалагічным уліку ў нашым раёне знаходзяцца 26 ненадзейных бацькоў, толькі 2-е былі накіраваны ў стацыянар для лячэння, большасць аддаюць перавагу ананімнай наркалагічнай дапамозе, што не дае ўпэўненасці ў праходжанні лячэння.
Летась мы дамагліся значнага зніжэння колькасці прагулаў абавязаных асобаў – 543 у параўнанні з 852, дапушчанымі годам раней. Разам з тым, да пэўных абавязаных асобаў з-за прагулаў па прычыне п’янак патрабуюцца меры з боку наймальнікаў па накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
У 2022 годзе было зарэгістравана адно пераходнае з 2021 года злачынства, учыненае двума непаўналетнімі, якому паспрыялі адсутнасць належнага кантролю з боку законных прадстаўнікоў і недахопы ў індывідуальнай прафілактычнай рабоце. За ўчыненне 31 адміністрацыйнага правапарушэння на пасяджэннях КСН былі разгледжаны паводзіны 25 непаўналетніх, у тым ліку тых, якія не дасягнулі ўзросту адказнасці.
Адзначалася нязначнае зніжэнне колькасці непаўналетніх (з 25 да 22), якія парушылі антыалкагольнае заканадаўства, найбольшы рост такіх правапарушэнняў дапушчаны навучэнцамі сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава, што сведчыць аб неналежнай арганізацыі прафілактычнай работы. За паўторнае ўжыванне алкагольных напояў у 2022 годзе з 4 непаўналетнімі ініцыіравана комплексная рэабілітацыя. Навучэнцамі раёна ўчынена 10 злачынстваў (10 удзельнікаў) да дасягнення ўзросту крымінальнай адказнасці, тры з якіх у групе.
У мінулагоднім ліпені на сумесным пасяджэнні каардынацыйнага савета і камісіі з удзелам кіраўнікоў установаў адукацыі разгледжаны найбольш праблемныя пытанні прафілактыкі, аддзелу адукацыі даручана вывучыць арганізацыю гэтай работы ва ўстановах, прыняць меры рэагавання. Аднак са жніўня навучэнцамі сярэдніх школ № 1 і № 3 дапушчаны правапарушэнні.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан расказала ўдзельнікам сустрэчы, як у 2022 годзе на Дзятлаўшчыне рэалізоўваліся патрабаванні Дэкрэта № 18 і арганізоўвалася міжведамаснае ўзаемадзеянне па абароне правоў дзяцей у ненадзейных сем’ях. Яна адзначыла, што летась каардынацыйным саветам прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы 62 непаўналетнія з 27 сем’яў, 17 дзяцей – паўторна. Спынена выкананне такіх рашэнняў у дачыненні да 65 непаўналетніх з 33 сем’яў, у тым ліку да 44 з 22 сем’яў (67,7 %) у сувязі з нармалізацыяй сітуацыі. Былі забяспечаны патрабаванні па суправаджэнні 9 сем’яў, у якія пасля адабрання вернуты 13 дзяцей. На 1 студзеня 2023 года на кантролі ў аддзеле прымусовага выканання знаходзіцца 58 абавязаных асобаў, якія пагашаюць расходы на ўтрыманне дзяцей, усяго пагашэнне складае 76,6 %, прымаюцца меры па павышэнні гэтага паказчыка, у тым ліку за кошт дадатковых і больш аплачваемых работ, мінімізацыі прагулаў.
У ЛПП у 2022 годзе накіраваны 11 абавязаных асобаў. Аналіз сумеснай работы адказных органаў і арганізацый па рэалізацыі дэкрэта сведчыць, што меры не з’яўляюцца вычарпальнымі і патрабуюць карэкціроўкі.
На праблеме ранняга выяўлення сямейнага недабрабыту спынілася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Аб спагнанні расходаў на ўтрыманне дзяцей больш дэталёва расказала галоўны спецыяліст аддзела Алена Чайкоўская. Са справаздачамі аб праведзенай рабоце выступілі некаторыя кіраўнікі школ і намеснікі па выхаваўчай рабоце. Таксама абмеркавалі выніковасць мер па прафілактыцы правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі, зацвердзілі “План мерапрыемстваў па прафілактыцы безнагляднасці, п’янства, наркаманіі сярод непаўналетніх, абароне іх правоў і інтарэсаў у Дзятлаўскім раёне на 2023 год”. Мяркуецца актывізаваць работу службаў прафілактыкі па ўсіх кірунках дзейнасці, праводзіць сістэмны аналіз яе вынікаў, больш увагі звярнуць на ўзаемадзеянне з працоўнымі калектывамі і бацькамі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga