Працягваем падарожжа па гістарычнай частцы горада Дзятлава.
На ўсходнім баку плошчы зберагліся гандлёвыя дамы жыхароў мястэчка канца ХIХ стагоддзя. Цяпер яны выкарыстоўваюцца пад жыллё і магазіны.
Будынак № 1 – пабудаваны ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Выкарыстоўваўся выключна для гандлю. У розныя часы там размяшчаліся: “Гаспадарчыя тавары”, “Культтавары”, “Камісійны”, “Ветэран”.
Будынак № 2 – у час вайны 1941-1945 гадоў тут размяшчалася нямецкая камендатура. Побач знаходзілася турма. Пры адступленні ў ліпені 1944 года акупанты вывезлі за горад і спалілі больш за 300 яе вязняў, жыхароў навакольных вёсак.
Будынак магазіна “Утульны дом”. Пра гэта месца вядома толькі, што ў адной з трох пабудоваў, якія тут знаходзіліся, у 30-я гады працаваў прыватны кінатэатр.
Будынак № 4 – да пажару 1874 года на гэтым месцы стаяў драўляны дом на каменным падмурку з невялікім падвалам. Належаў ён гандляру Гіршу Дварэцкаму. Згарэў у час катастрафічнага пажару 1874 года. Тады ж гродзенскія губернскія ўлады забаранілі будоўлю вакол плошчы драўляных пабудоваў. Планам 1882 года быў прадугледжаны новы завулак – Базарны (цяпер вуліца Кірава). Гірш Дварэцкі адбудаваў дом прыкладна ў 1890 годзе. У 30-я гады мінулага стагоддзя ў доме размяшчаўся гатэль прамыслоўца Рабіновіча. У 1939-1941 гадах тут знаходзіліся райкамы Камуністычнай партыі і камсамола. Падчас вайны 1941-1945 гадоў размяшчалася грамадзянская ўлада – управа бургамістра Васіля Рагулі. Пасля вайны – на першым паверсе – райкамы партыі і камсамола, на другім – пошта.
Паводле архіўных дакументаў, на ўсходнім баку Рыначнай плошчы да пажару 1874 года размяшчаўся толькі адзін каменны будынак – паміж цяперашнімі дамамі № 4 і № 6. Ён не захаваўся.
Але ў пачатку ХХI стагоддзя быў пабудаваны новы будынак – гатэль і бар “Дядя Ваня”, які гарманічна ўпісаўся ў дызайн старых пабудоваў.
Будынак № 6 – да пажару 1874 года тут стаяў драўляны дом на каменным падмурку з паўпадвалам, належаў Еўну Канцавіцкаму. Дом падчас пажару 1874 года не пацярпеў, але згарэў у пажары 1881 года. Паводле плана забудовы ад 1882 года на месцы згарэлага была спраектавана новая двухпавярховая мураванка таго ж уладальніка. Мураванку адбудавалі да 1894 года.
Будынак № 7 – да пажару 1874 года на гэтым месцы знаходзіўся драўляны дом са склепам і гандлёваю лаўкаю. Участак і дом належаў Абраму Наліоту. Пабудова згарэла падчас пажару. Была зноў спраектавана і адноўлена да 1894 года як мураваны двухпавярховы дом. У пажары 1894 года дом не пацярпеў. Лаўка, якая знаходзілася ў спаленым доме да 1874 года, “пераехала” да касцельнай агароджы, пра што і была заключана арэндавая дамова.
У 50-60-я гады ХХ стагоддзя ў будынку знаходзіўся банк. Дзяжурыў там заўсёды адзін вартаўнік з наганам. Працавала толькі адна каса, таму ў банку штовечар выстрайвалася доўгая чарга, каб здаць грашовую выручку за дзень. У 80-х гадах часова знаходзілася аддзяленне раённай бальніцы – зубапратэзны кабінет.
Будынак № 8 – у 1874 годзе на яго месцы стаяў двухпавярховы драўляны дом з мансардай на каменным падмурку з невялікім склепам, належаў Найрыму Дварэцкаму. У пажарах 1874, 1881, 1882 гадоў не пацярпеў, але быў прызначаны на знос як драўляны, бо прамежак паміж ім і суседнімі дамамі быў меншы, чым 1,5 сажня. Да 1894 года быў спраектаваны і адбудаваны як двухпавярховая мураванка.
У 40-50-я гады XX стагоддзя на першым паверсе размяшчаўся аддзел ЗАГС, на другім – райвыканкам. У 70-80-я гады на першым паверсе знаходзілася адміністрацыя Добраахвотнага таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ). На другім – пакой вячэрняй школы.
Будынак № 9 – да 1874 года тут стаяў аднапавярховы драўляны дом на каменным падмурку са склепам. Належаў будынак Мордуху Каўфману. Дом згарэў падчас пажару 1881 года. Да 1896 года быў адбудаваны як двухпавярховы каменны дом таго ж уладальніка – Мордуха Каўфмана. У 30-я гады тут знаходзілася аптэка Дварэцкага. У 60-я – “Чайная”. Трэба заўважыць, што ва ўстановах тыпу “Чайная”, чай ужо не падавалі. Гандлявалі півам, віном, гарэлкаю на разліў. Ну, і, адпаведна, закускаю. Хаця былі ўстановы харчавання і з дакладнаю назваю – “Закусачная”, там, сапраўды, закусвалі.
У некаторых падавалі і гарачыя блюды. У 80-90-я гады ХХ стагоддзя тут размяшчалася “Кулінарыя”.
Будынак № 10 – да пажару 1874 года на яго месцы стаяў аднапавярховы драўляны дом на каменным падмурку Мордуха Ціткавіцкага. Быў пашкоджаны падчас пажараў 1874 і 1881 гадоў. Да 1894 года быў адбудаваны як двухпавярховая мураванка таго ж уладальніка. У 30-я гады ХХ стагоддзя ў гэтым будынку знаходзілася булачная. У падвальным памяшканні будынка пяклі булкі, а на верхнім паверсе была чайная, дзе частавалі гарбатай з хлебабулачнымі вырабамі. Старыя людзі ўспамінаюць: маладыя хлопцы з навакольных вёсак часта затрымліваліся ў мястэчку пасля танцаў. Каб не ісці дахаты ў поцемках, яны заходзілі ў чайную, падымалі з ложка гаспадара, заказвалі шклянку гарбаты, булачку і за гамонкаю бавілі час да світання. Гаспадар увесь гэты час драмаў за стойкаю, падпёршы галаву рукамі. У 40-50-я гады тут працаваў магазін “Прамтавары”, а за вуглом, ужо па вуліцы Горкага, знаходзіліся ашчадная каса і гарадскі савет. У 60-80-я гады доўгі час размяшчаўся магазін “Малочны”. А ў падвальным памяшканні гандлявалі рыбаю. У канцы 90-х гадоў і да 2005 года тут працаваў ужо знакаміты фірменны магазін “Харчавік” Дзятлаўскага вінна-гарэлачнага завода.
Незвычайныя, своеасаблівыя 1-2-хпавярховыя домікі з мансарднымі дахамі, прыгожымі вокнамі і акенцамі, якія стаяць сценка да сценкі, утвараюць цэласную, прыгожую і вельмі маляўнічую забудову, архітэктура якой знітавала заходне- і ўсходнееўрапейскія рысы.
Паводле кнігі Фёдара Красюка “Зецела або падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga