“Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!”

Гэтым спевам анёлаў была абвешчана радасная навіна пра нараджэнне ў горадзе Давідавым, Бэтлееме, Божага Сына. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з Неба, уцелавіўся ад Святога Духа з Панны Марыі і стаўся чалавекам.

Дарагія браты і сёстры, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Дзятлаўшчыны!

Прыміце самыя шчырыя і цёплыя віншаванні са светлым найвялікшым хрысціянскім святам – Нараджэннем Хрыстовым!

Божае Нараджэнне – адно з самых светлых і прыгожых свят, напоўненае атмасферай усеагульнай згоды і любові.

Божае Нараджэнне зноў запрашае нас у Бэтлеем, дзе пастушкі знайшлі Марыю, Юзафа і немаўля, якое ляжала ў яслях. Узгадваючы падзеі той ночы пастараемся перажыць іх нанова. Будзем заклікаць Святога духа, каб дапамог увайсці ў таямніцу бэтлеемскай ночы, удзельнічаць у ёй з любові, у духоўнай блізкасці са Святой Сям’ёй.

Глыбокі духоўны сэнс падзеі, якая адбылася ў Бэтлееме шмат стагоддзяў назад, застаецца важным і актуальным і ў наш час. Вялікі цуд нараджэння Езуса Хрыста сведчыць сабой перамогу веры, надзеі і любові, якія так неабходны людзям сёння. Калі б Бог засвяціўся ў поўную сваю моц, свет у адзіным парыве ўпаў бы перад ім на калені. Але Гасподзь паступіў інакш – Ён, як заўсёды, пакінуў чалавеку права выбару. Няхай жа наш выбар будзе на карысць будаўніцтва рэчаіснасці па завеце Божым. Няхай жа Бэтлеем заўсёды жыве ў нашых сэрцах і дамах. Няхай Хрыстос нараджаецца ў нашых сэрцах, каб яго любоў прыносіла плён штодзённых учынкаў любові, Яго радасць дапамагала перамагаць усялякі страх і боязь, а Яго дабрыня – схіляцца над патрабуючымі.

У гадзіну Божага Нараджэння яднаюся з вамі, дарагія браты і сёстры – католікі і праваслаўныя ўсёй Дзятлаўшчыны, у радаснай  удзячнасці Богу Усемагутнаму за Яго бясцэнны дар. Дзіцятка Езус няхай адорыць сваім бласлаўленнем вашы сем’і: жанатых умацуе ва ўзаемнай любові, дзецям дапаможа расці ў ласках і мудрасці. Людзі старэйшыя, нашы дзядулі і бабулі, няхай не ведаюць, што такое адзінота. Хворыя і тыя, хто пакутуе, няхай атрымаюць здароўе і палёгку. У сэрцах моладзі – нашай будучыні – няхай запануе спакой.

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Жадаю шчаслівых святаў Божага Нараджэння і Новага 2023 года, святаў добрых, спакойных і поўных радасці.

З гэтымі пажаданнямі, дарагія браты і сёстры, дзялюся з вамі аплаткай – знакам  еднасці ў Хрысце.

Ад усяго сэрца благаслаўляю.

З малітвай ксёндз-пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі горада Дзятлава Здзіслаў ПІКУЛА

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации