Прафілактыка пажараў і надзвычайных здарэнняў, святочны тыдзень для аграрыяў і перапрацоўчай прамысловасці, працастраты, завяршэнне будаўнічых і рамонтных работ на аб’ектах раёна – такі быў парадак дня чарговай штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Падкантрольныя катэгорыі

На нарадзе закранулі тэму прафілактыкі практычна па ўсіх “праблемных” катэгорыях грамадзян. Ратаўнікі працягваюць правядзенне сустрэч з працоўнымі калектывамі ў рамках акцыі “Не прапальвай сваё жыццё”. Праваахоўнікі наведваюць пажылых адзінокіх грамадзян, таксама на гэтым тыдні асаблівую ўвагу нададуць непаўналетнім – на жаль, актуальнасць набрала не толькі праблема ўчынення злачынстваў падлеткамі, але і тэма педафіліі. Намесніку старшыні райвыканкама Ігару Кухарэвічу на кантроль па прафілактыцы пажарнай бяспекі даручана ўзяць сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль далажыў у час нарады, што ў гэтым годзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый было адпраўлена 35 дзятлаўчан.

Час святкаваць

Аграрыі ў лістападзе адчуваюць першую палёгку пасля напружанага перыяду ўборачных работ. Зразумела, што чалавек зямлі заўсёды мае чым заняцца, але і прафесійнае свята людзі павінны адзначыць і атрымаць заслужаныя цяжкай працай узнагароды, – адзначыў старшыня райвыканкама.

16 лістапада ў Дзятлаве пройдзе ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. У наступныя два дні лепшыя з лепшых атрымаюць віншаванні і ўзнагароды на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Тым часам на палетках раёна завяршаецца ўборка кукурузы на зерне, унясенне арганікі і ворыва пад буракі. На “зімоўку” спецыялісты гаспадарак рыхтуюць кормаўборачную тэхніку.

Да снегападаў гатовы?

А надвор’е на гэтым тыдні абяцае “павярнуць” на зіму. Ужо з чацвярга сіноптыкі прагназуюць нават дзённыя мінусавыя тэмпературы.

Дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк удакладніў, што тэхніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі гатова да змяненняў надвор’я. На бягучым тыдні будуць устаноўлены раскідвальнікі пяску і солі, каб прадухіліць галаледзіцу на дарогах населеных пунктаў.

Таксама плануецца завяршыць рамонт “дарожных ямаў”, бо любая выбоіна на асфальтабетонным пакрыцці – гэта павышаная небяспека для руху транспарту.

Іншыя тэмы коратка

Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі даручыў адказным службам узяць на асобы кантроль высокі паказчык працастратаў у раёне з прычыны часовай непрацаздольнасці дзятлаўчан. Прасцей кажучы, “даць бой ліпавым бальнічным”.

****

Турыстычны сувенір – не проста тавар, а важны інструмент рэкламы канкрэтнага мястэчка або тураб’екта. На нарадзе абмеркавалі магчымасць вырабу на базе ўстановаў адукацыі раёна сувенірнай прадукцыі з лагатыпамі, звязанымі з Дзятлаўшчынай.

****

Завяршаюцца рамонтныя работы шматкватэрнага дома па вуліцы Першамайскай у райцэнтры. 280 квадратных метраў жылля на пачатку снежня будуць уведзены ў эксплуатацыю.

Таксама на “фінішнай прамой” дзейнасць Дзятлаўскага ПМС на могілках у Гезгалах – аб’ект будзе поўнасцю здадзены да канца года.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации