На пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, якое праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага з удзелам дырэктара рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Гродзенскай вобласці Алены Капіца, былі разгледжаны два пытанні.
Са станам работы па рэалізацыі на Дзятлаўшчыне патрабаванняў Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях” прысутных азнаёміў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Ігар Кухарэвіч. Расказаў, што суб’екты прафілактыкі забяспечваюць рэалізацыю патрабаванняў Дэкрэта. Так, аддзел адукацыі ажыццяўляе мэтанакіраваную работу па своечасовым выяўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, абарону правоў і інтарэсаў непаўналетніх, якія прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, з педагагічнымі работнікамі арганізоўваюцца інфармацыйна-метадычныя мерапрыемствы па ўдасканаленні ведаў, для прафілактыкі сямейнага недабрабыту выкарыстоўваюцца розныя формы інфармацыйна-адукацыйнай работы з бацькамі.
За 9 месяцаў 2022 года ў аддзел адукацыі райвыканкама паступіла 54 інфармацыі аб знаходжанні ў неспрыяльнай абстаноўцы 101 дзіцяці, ва ўстановы адукацыі – 14 інфармацый. Прычынамі найчасцей з’яўляліся сямейныя канфлікты і стан алкагольнага ап’янення. Каардынацыйным саветам райвыканкама ў сацыяльна ненадзейным становішчы прызнаны 46 непаўналетніх з 21 сям’і, у 86 % выпадкаў прычынай было злоўжыванне алкаголем. Усяго на 1 кастрычніка на ўліку знаходзяцца 94 дзіцяці з 38 сем’яў.
Эфектыўнасць работы па адмене рашэнняў аб прызнанні дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы ў сувязі з нармалізацыяй абстаноўкі складае 71,4 %. Арганізавана суправаджэнне 7 дзяцей, вернутых у 5 сем’яў па пастанаўленні камісіі па справах непаўналетніх ці ў сувязі з аднаўленнем бацькоўскіх правоў, з уліку зняты столькі ж непаўналетніх з 4 сем’яў.
Маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнаны 8 дзяцей з 6 сем’яў. Сёлета адзначаецца зніжэнне эфектыўнасці работы па вяртанні дзяцей пасля адабрання ў біялагічныя сем’і, вырас паказчык сацыяльнага сіроцтва: правоў пазбаўлены 8 бацькоў на 8 дзяцей. Сярод асноўных прычын, зноў жа, злоўжыванне алкаголем, парушэнне дзіцяча-бацькоўскіх адносінаў, зніжэнне адказнасці за выхаванне і ўтрыманне дзяцей. На дыспансерным уліку ў доктара-нарколага знаходзяцца 26 ненадзейных бацькоў і 36 абавязаных асобаў, шпіталізавана для лячэння 3 чалавекі, самастойна прайшлі кадзіроўку 19. На кантролі ў аддзеле прымусовага выканання 62 абавязаныя асобы, працаўладкаваны 42, адзін – пенсіянер, 10 праходзяць лячэнне ў ЛПП, яшчэ 5 адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Запазычанасць на ўтрыманне дзяцей у нашым раёне пагашаецца на 75,8 %. На жаль, не ўсе абавязаныя бацькі выконваюць працоўную дысцыпліну: 24 асобы ўчынілі 403 прагулы, 6 прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад пагашэння расходаў на дзяцей. Аналіз рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта № 18 сведчыць, што, нягледзячы на станоўчыя вынікі работы, меры, прынятыя па некаторых кірунках, не з’яўляюцца вычарпальнымі і патрабуюць карэкціроўкі.
Даючы ацэнку, Андрэй Садоўскі адзначыў, што гэта тэма для раёна не новая, алгарытм выпрацаваны і павінен выконвацца, як і патрабаванні закона. Зразумела, што дзіцяці лепш у роднай сям’і, аднак не заўсёды гэта апраўдана, таму абарона правоў непаўналетніх павінна быць у прыярытэце.
Як на Дзятлаўшчыне вядзецца работа па рэалізацыі ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”, расказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Алена Грамко. Яна зазначыла, што на 14 кастрычніка ў раёне ёсць 3654 незаселеныя дамы, з іх на 2982 атрыманы паведамленні аб намеры выкарыстоўваць іх для пражывання, пустуючых, якія належаць абследаванню – 117, у рэестры знаходзяцца 50. Раённай камісіяй праведзена работа па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых дамоў: сёлета накіравана 370 пісьмовых прадпісанняў уласнікам аб спыненні безгаспадарлівага ўтрымання, па 354 прыняты меры, парушэнні ўхілены, па 16 – тэрмін ухілення не сышоў. Сельвыканкамы раёна накіроўвалі запыты ў кампетэнтныя органы для вызначэння ўласнікаў або асобаў, якія маюць права валодання такімі дамамі, інфармацыя размяшчалася ў газеце “Перамога” і на сайце райвыканкама. У суд раёна пададзены 38 іскавых заяваў: 16 аб прызнанні дамоў безгаспадарчымі, 22 – вымарачнай маёмасцю. Па рашэнні суда 15 пустых дамоў перададзены ва ўласнасць адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Дзятлаўскі райвыканкам па хадайніцтве сельвыканкамаў выключыў з рэестра 24 дамы, якія былі знесены або на іх паступілі паведамленні аб выкарыстанні для пражывання. За 2022 год па ўказе № 116 сельвыканкамамі знесены 34 пустыя дамы з 38 запланаваных, сярод якіх 6 разабралі ўласнікі, рэкультывавана 1,72 гектара зямлі. З графікам не поўнасцю справіліся Жукоўшчынскі і Новаяльнянскі сельвыканкамы. Да канца года выдзеленыя на знос дамоў бюджэтныя сродкі будуць асвоены ў поўным аб’ёме.
Можна падагуліць, што раённай камісіяй сёлета праведзена значная работа па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустых дамоў, сустракаюцца пэўныя цяжкасці пры вызначэнні асобаў, якія маюць права ўладання і карыстання такімі дамамі, у прыватнасці, пры пошуках спадчыннікаў, якія прынялі спадчыну, але не аформілі права на дом ва ўстаноўленым законам парадку. Часта вядомы іх прыкладныя адрасы, а для падачы заявы ў суд абавязковым з’яўляецца паведамленне належным чынам гэтых асобаў. З абследаваных у 2022 годзе, а гэта 101 дом, толькі 15 уключаны ў рэестр, 10 прызнаны вымарачнай маёмасцю, па 77 сельвыканкамы пасля атрымання інфармацыі з натарыяльнай канторы накіруюць у суд заявы аб прызнані іх вымарачнай маёмасцю.
Напрыканцы Андрэй Садоўскі адзначыў, што хаця па новым Указе № 116 пакуль узнікаюць некаторыя пытанні, аднак работа вядзецца актыўна, людзі цікавяцца магчымасцю пакупкі дамоў у сельскай мясцовасці, таму кірунку і надалей будзе надавацца належная ўвага.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga