Прышчэпка – гэта не раз і неназаўсёды

Важнае Грамадства

У каго спытацца, колькі разоў трэба прышчапляцца ад каранавірусу?

Найлепш ведаюць медыкі. Тым больш тыя, хто сам у чарговы раз зрабіў рэвакцынацыю.

На мінулым тыдні рэвакцынацыю праходзілі адміністрацыя і работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на чале з галоўным доктарам Аленай Шайбак.

 

– Алена Вячаславаўна, дык колькі разоў трэба прышчапіцца, каб больш не хварэць на каранавірус?

– Прышчэпка – гэта не раз і неназаўсёды. Напрыклад, новая доза вакцыны ад слупняку і дыфтэрыі патрэбна адзін раз у дзесяць гадоў, ад грыпу – штогод. Менавіта тады гэты імунны шчыт працуе максімальна эфектыўна. Як быць у выпадку з каранавірусам? Большасць навукоўцаў раяць паўтарыць укол праз паўгода. Менавіта да гэтага часу ўзровень антыцелаў зніжаецца, а верагоднасць падхапіць кавід, адпаведна, узрастае. Дададзім сюды пастаянную мутацыю віруса. Робім выснову: без рэвакцынацыі не абысціся.

Дарэчы, мы калектывам прайшлі поўны курс вакцынацыі і цяпер зрабілі ўжо другую рэвакцынацыю. Прышчапіліся вакцынай расійскай вытворчасці “Гам-КАВІД-Вак” або больш звычная яе назва “Спутник V”.

– Вы ўжо не першапраходцы ў справе вакцынацыі ад COVID-19. Сапраўды дапамагае?

– Мяне, як кіраўніка, хвалюе, як адчуваюць сябе работнікі. Адзначу, што цяжка, з ускладненнямі, пнеўманіяй, нізкай сатурацыяй кіслароду, некаторыя хварэлі ў першую хвалю ў 2020 годзе, пакуль не пачалі прышчапляцца. Мінулы год быў больш спакойны на колькасць бальнічных лістоў работнікаў, і пераносілі ўсе хваробу значна лягчэй.

Таму магу з упэўненасцю ўжо казаць, што хоць рызыкі захварэць усё роўна існуюць, прышчэпка не панацэя, але цяжкіх формаў хваробы ў вакцынаваных значна менш.

– На ваш погляд, кавід як масавую хваробу ўжо можна кантраляваць?

– Што вельмі важна: чым больш людзей пройдзе вакцынацыю, а пазней замацуе вынік рэвакцынацыяй, тым хутчэй можна будзе ўзяць кавід пад кантроль. Новых выпадкаў заражэння будзе менш, знізіцца смяротнасць, вірус перастане муціраваць або будзе рабіць гэта вельмі павольна. І гэта навукова даказаны факт. Гэта значыць, моцны імунітэт – не толькі карысць для самога сябе, але і асабісты ўклад у барацьбу з пандэміяй. А мы, як прадстаўнікі сферы аховы здароўя, проста не можам не быць прыкладам для насельніцтва.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga