Самымі распаўсюджанымі сярод рэгіструемых у нашым раёне злачынстваў з’яўляюцца крадзяжы маёмасці.
Пераважна яны ўчыняюцца з прыватных дамоў і дач. Іх магло б быць менш, калі б гаспадары больш уважліва ставіліся да захаванасці сваёй маёмасці.
Дачныя злачынствы, як правіла, правакуюцца адсутнасцю належнай аховы, агароджаў, асветленасці тэрыторый. Не менш папулярныя ў аматараў атрымаць лёгкія грошы крадзяжы металалому з прыватных участкаў. У пункты прыёму прадпрымальныя асобы нясуць усё, што можна сабраць па лясах і палях, аднак калі такі металалом заканчваецца, аб’ектам крадзяжу становіцца другасная сыравіна, якая складуецца гаспадарамі ўчасткаў без нагляду. Найчасцей уласнік толькі праз некаторы час заўважыць прапажу, калі наведаецца ў свой нежылы дом.
Напрыклад, у адной з вёсак Дзятлаўшчыны адбыўся такі выпадак: суседка скрала з падворка грамадзяніна каля 2 тон металалому, і толькі пасля звароту гаспадара ў праваахоўныя органы высветлілася, хто вінаваты.
Следчы камітэт нагадвае, што дзеянні такіх “паляўнічых на метал” кваліфікуюцца як крадзеж і, у залежнасці ад кошту скрадзенага, падпадаюць пад дзеянне адміністрацыйнага або крымінальнага заканадаўства. Пры гэтым, калі за дробны крадзеж прадугледжаны штраф ад 2 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт, то пакаранне за крадзеж на больш значную суму – гэта грамадскія работы, або штраф, або папраўчыя работы да 2 гадоў, або арышт, або абмежаванне волі да 3 гадоў ці яе пазбаўленне на той жа тэрмін.
Ірына ЯНОВІЧ,
следчы Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga