На Дзятлаўшчыне падвялі вынікі работы ўстановаў культуры раёна за 2021 год і акрэслілі задачы на 2022 год.
25 лютага з удзелам начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч і намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча прайшло выніковае пасяджэнне Савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
На пачатку сустрэчы Алена Клімовіч падзякавала паспяховым навучэнцам дзіцячай школы мастацтваў, якія сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іх педагогам, бацькам і ўручыла пасведчанні Ксеніі Майсак і Нэлі Санюк.
Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец уручыў медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» за дапамогу пры ўстаноўцы памятнага знака воінам-ракетчыкам у аграгарадку Гезгалы дырэктару гісторыка-краязнаўчага музея Вользе Цюшляевай.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова азнаёміла прысутных з леташнімі вынікамі работы і задачамі на гэты год:
– У 2021 годзе дзейнасць арганізацый сферы культуры Дзятлаўшчыны была скіравана на рэалізацыю задач дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, ажыццяўленне мерапрыемстваў і дасягненне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады.
Найбольш знакавымі святамі сталі фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, “Каб памяталі” ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына да 77-ай гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, буйныя мерапрыемствы да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня народнага адзінства. Сацыяльны стандарт па бюджэтным забеспячэнні сферы культуры раёна летась склаў 1692,8 тысячы рублёў або 69,5 рубля на аднаго жыхара. За 2021 год галіна прафінансавана на 1692,8 тысячы рублёў або 97,5 % да плана. Сродкі накіроўваліся на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый, рамонты, набыццё музычных інструментаў і абсталявання. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея скіравана 6469,18 рубля, у тым ліку на бягучы рамонт, набыццё карцін і стоек да іх, капітальны рамонт вестыбюля і санвузла. Завершаны работы па І пускавым комплексе капітальнага рамонту будынка ў пасёлку Казлоўшчына. Тэмп росту сярэдняй заработнай платы работнікаў культуры ў адносінах да 2020 года склаў 112,9 %. План платных паслугаў выкананы на 101,2 %, атрымана 98,2 тысячы рублёў пазабюджэтных даходаў. Забяспечанасць сферы кадрамі – 87,6 %, агульная колькасць вакансій па раёне — 29, замацаванасць маладых спецыялістаў летась – 16,7 %.
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Дзятлаўскага раёна на 1 студзеня 2022 года ў здавальняючым стане: 14 помнікаў архітэктуры маюць адпаведнае функцыянальнае выкарыстанне, адзін (будынак былога палаца ў Дзятлаве) не выкарыстоўваецца. Уласнік – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У 2020 годзе было прынята рашэнне аб далучэнні яго да гаспадарчага абароту праз продаж на аўкцыёне (заключаны дагавор аб правядзенні таргоў з Камітэтам “Гроднааблмаёмасць”). Усяго ўстаноўлена 41 ахоўная дошка на нерухомых аб’ектах матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на сёння падпісана 38 ахоўных абавязацельстваў, ёсць 36 пашпартоў гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь вядзецца работа па распрацоўцы праектаў зон аховы на 5 помнікаў археалогіі. Летась за кошт рэспубліканскага суботніка (15 000 рублёў) выкананы рамонтныя работы на помніку героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову, на Вайсковых могілках гарпасёлка Наваельня – на 10 500 рублёў па дзяржаўнай праграме ўвекавечання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Падрабязна Вольга Мікалаеўна расказала, як у 2021 годзе працавалі музейныя, бібліятэчныя, клубныя ўстановы культуры і дзве дзіцячыя школы мастацтваў раёна.
Сярод задач галіны на 2022 год назвала – забяспечыць выкананне ўсіх паказчыкаў і сацыяльных стандартаў дзяржпраграмы, на высокім узроўні арганізаваць сацыякультурную дзейнасць у рамках Года гістарычнай памяці, 140-годдзя нараджэння народных паэтаў Беларусі Я. Купалы, Я. Коласа, у тым ліку ўдзел у праекце “Выяўленне і адраджэнне традыцыйнай рэгіянальнай абраднасці”, актывізаваць правядзенне мерапрыемстваў, скіраваных на турыстычную прывабнасць раёна і выкананне плана пазабюджэтных сродкаў з укараненнем новых відаў платных паслуг, больш мэтанакіравана праводзіць кадравую работу.
Сваімі напрацоўкамі, вынікамі і дасягненнямі падзяліліся спецыялісты ўстановаў сферы культуры Галіна Сушко, Вольга Цюшляева, Галіна Вянско, Ала Барысенка.
Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч падзякавала калегам за працу. Яна зазначыла, што абласное ўпраўленне культуры па мінулагодніх выніках прызнана лепшым у рэспубліцы, у чым заслуга кожнага з раёнаў Прынёмання, Дзятлаўскі раён увогуле сярод іншых займае ганаровае другое месца па выніках работы за 2021 год. Работнікаў культуры Дзятлаўшчыны яна назвала самадастатковымі, здольнымі паспяхова працаваць і прэзентаваць сябе. Расказала, што на 2022 год зацверджаны больш напружаныя паказчыкі, таму давядзецца трымаць планку. Больш увагі Дзятлаўскаму раёну трэба звярнуць на кадравае забеспячэнне сферы і замацаванне ў ёй маладых спецыялістаў.
Алена Віктараўна падзякавала за плённае супрацоўніцтва Ігару Кухарэвічу і Вользе Рагачовай, а за баль у Наваельні – кіраўніку аб’яднання “Эпатажны блюз” Аляксандру Кардашу. Яна пажадала работнікам культуры і надалей быць цікавымі для насельніцтва.
Напрыканцы сустрэчы Алена Клімовіч расказала аб абласным тэлеграм-канале “Культура Гродзеншчыны” і чаце “Культурныя навіны”, спынілася на вострых праблемах сучаснасці, папрасіла цаніць тое, што мы маем – мір і стабільнасць.
За аб’ектыўную ацэнку работы Алене Віктараўне падзякаваў Ігар Кухарэвіч, словы ўдзячнасці ён адрасаваў і работнікам культуры раёна. Галоўнай задачай на гэты год намеснік старшыні райвыканкама назваў больш грунтоўную кадравую работу, бо будучыня культуры – за маладымі кадрамі.
Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне лепшых у прафесіі і знаёмства з творчай выставай у фае цэнтра.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga