Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 31 студзеня па 6 лютага 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 49 паведамленняў, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненага злачынства, 14 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 33 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты 41  правапарушальнік, узбуджана 4 крымінальныя справы.

Ведай, хто твой госць

Крымінальная справа ўзбуджана на раней судзімага жыхара аднаго з аграгарадкоў раёна. Мужчына знаходзіўся ў гасцях у знаёмага і скраў 250 рублёў. Як пазней патлумачыў злодзей, грошы “кепска ляжалі”: знайшоў іх на падлозе. Ці так усё было, разбярэцца суд. Ва ўсялякім разе, госць мог пацікавіцца ў гаспадара, што гэта за купюры, перш чым пакласці іх у сваю кішэню.

Чаму гараж не замкнёны?

Больш за дзесяць дзён гараж прыватнага прадпрымальніка з райцэнтра быў не замкнёны. Гэтай “прыемнай” акалічнасцю скарыстаўся невядомы злодзей. Агледзеўшы маёмасць, наведвальнік выбраў для сябе ў якасці “бонуса” металічныя ціскі і мангал. Узбуджана крымінальная справа.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжу, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.

Наркотыкі – гэта не жарты

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на дваіх мужчын – жыхароў Дзятлаўскага і Навагрудскага раёна, якія без мэты збыту захоўвалі пры сабе асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.

Які з п’янага вартаўнік?

На тэрыторыі мехдвара адной з гаспадарак раёна ў стане алкагольнага ап’янення быў затрыманы вартаўнік. Нецвярозаму работніку вынеслі афіцыйнае папярэджанне.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga