Другі дзень рэспубліканскага моладзевага патрыятычнага праекта БРСМ “Зімовы маршрут” на Дзятлаўшчыне для студатрада “Азімыя” Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта праходзіў у Дварэцкай сярэдняй школе.
Стартаваў ён традыцыйнай урачыстай лінейкай, у час якой камандзір атрада Дзмітрый Леўкавец перадаў памятны знак-сімвал праекта намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Наталлі Бяляк.
Пасля кароткага знаёмства і абвяшчэння праграмы дня, студатрадаўцы разышліся па класах, дзе правялі для навучэнцаў розных узроставых груп інтэрактыўныя заняткі. Вучняў 1-2 класаў запрасілі на майстар-клас, у час якога дзеці расфарбоўвалі выявы вядомых мясцін і помнікаў Беларусі, узгадваючы іх назвы; складвалі арыгамі і слухалі павучальныя гісторыі вучні 3-4 класаў; спартакіяда і рухомыя гульні прайшлі для 5-6 класаў; сямікласнікам студатрадаўцы паказалі відэапрэзентацыю пра выкарыстанне ў нашай краіне атамнай энергіі і работу Астравецкай АЭС; подзвігі Герояў Савецкага Саюза ў час Вялікай Айчыннай вайны ўзгадалі з навучэнцамі 8 класа.
Удзельнікі атрада “Азімыя” не абышлі ўвагай і яшчэ адну добрую традыцыю, якая набыла асаблівы сэнс у Год гістарычнай памяці – гэта работа працоўнага дэсанта на месцах пахавання землякоў, якія загінулі на палях бітваў. Разам з валанцёрамі БРСМ Дварэцкай сярэдняй школы студатрадаўцы прыбралі снег і аддалі даніну памяці воіну-афганцу Дзмітрыю Лазовіку, які пахаваны на могілках аграгарадка. Наступным памятным месцам, дзе з шуфлямі і венікамі пабывалі маладыя патрыёты, стаў мясцовы помнік землякам, загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праграму дня завяршыў урачысты канцэрт ад студатрадаўцаў. З дапамогай вершаў і песняў маладыя артысты зрабілі экскурс у гістарычнае мінулае нашага народа, а дынамічныя танцы і музычныя нумары дапамаглі ім стварыць цёплую сяброўскую атмасферу, якая пакінула станоўчы зарад энергіі ў душах прысутных. Не абышлося і без фотасесіі, у тым ліку сумеснага фотаздымка на памяць.
Сваімі думкамі аб праекце падзяліўся камандзір студатрада “Азімыя” Дзмітрый Леўкавец:
– Паколькі наш праект патрыятычны, асноўны ўхіл у рабоце са школьнікамі робім на прывіццё патрыятычных пачуццяў і захаванне гістарычнай памяці народа. Інфармацыю стараемся падаваць цікава, без фармалізму, хутчэй як старэйшыя сябры. У рабоце з дзецьмі падабаецца зваротная сувязь: у час заняткаў і выступленняў мы атрымліваем вялікую колькасць станоўчай энергетыкі, якая падбадзёрвае нават пасля доўгіх пераездаў.
Атрад “Азімыя” існуе другі год, аднак сёлета яго састаў значна абнавіўся. Летась “Зімовы маршрут” нашага атрада пралягаў паз Смаргонскі, Іўеўскі, Лідскі раёны. У гэтым годзе ўжо пабывалі ў Навагрудку, Любчы, Нягневічах. Наступныя два дні будзем знаходзіцца на Дзятлаўшчыне. Уражанні ад Дзятлаўскага раёна самыя станоўчыя, тут вясёлыя, цікаўныя вучні, з імі прыемна працаваць. Учора ладзілі такое ж мерапрыемства ў Новаяльнянскай сярэдняй школе, дзе незабыўнае ўражанне пакінула наведванне музея “Дзеці ліхалецця”. Работа ў атрадзе для нас – гэта незабыўныя эмоцыі і новыя знаёмствы, якія застануцца надоўга. Наступная сустрэча адбудзецца ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga