Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 31 мая па 6 чэрвеня ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 94 паведамленні, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 33 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 58 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 42 правапарушальнікі, узбуджана 4 крымінальныя справы.

Вельмі галодны злодзей

У адну з майскіх начэй на падворак да пенсіянеркі з вёскі Пенчыцы наведаўся злодзей. З незамкнёнай гаспадарчай пабудовы зламыснік скраў 8 кілаграмаў сала, чым прычыніў гаспадыні матэрыяльную шкоду на суму 88 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

“Сплыла” ванна з падворка

Пагаспадарылі невядомыя і ў вёсцы Апаліна-Басіна. З падворка дома, пакінутага ў спадчыну жыхарцы райцэнтра, прапала чыгунная ванна коштам 70 рублёў. Куды “сплыла” маёмасць, цяпер высвятляюць праваахоўнікі. Узбуджана крымінальная справа.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжоў, паведамляць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.

“Выхавальнік”

Крымінальнай справай скончылася сварка беспрацоўнага жыхара аграгарадка з сужыцелькай. “Выхоўваючы” сваю палавінку, мужчына трымаў у руках нож і пагражаў ёй забойствам. Цяпер агрэсар паўстане перад судом.

Навошта столькі медыкаментаў?

За незаконны абарот псіхатропных рэчываў будуць судзіць жыхара адной з вёсак нашага раёна. Каля двух гадоў таму ў сваім доме без мэты збыту мужчына захоўваў 270 таблетак вагой 52,76 грамаў, у складзе якіх было небяспечнае псіхатропнае рэчыва.

“Выпалалі” мак, канфіскавалі самагон

У Дварэцкім сельскім савеце ў доме пенсіянеркі праваахоўнікі знайшлі і канфіскавалі 15 літраў самагону.

Каля вёскі Раготна міліцыі трапіў на вочы дзікарослы мак: было вырвана і знішчана 12,5 кілаграма гэтай наркаўтрымліваючай расліны. Яшчэ адзін “клін” такога ж небяспечнага пустазелля супрацоўнікі аддзела ўбачылі на ўчастку нежылога дома ў вёсцы Вялікая Палонка: знішчаная маса заважыла на 22 кілаграмы.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама