Менш за месяц засталося ў нашай краіне да важнай палітычнай падзеі – VI Усебеларускага народнага сходу.
Рэгіёны Беларусі актыўна рыхтуюцца да гэтага маштабнага форуму. Эфектыўнай формай для абмеркавання актуальных пытанняў, унясення рацыянальных прапановаў і цікавых ідэй па сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі на наступную пяцігодку сталі дыялогавыя пляцоўкі, якія праходзяць ва ўсіх рэгіёнах.
На Дзятлаўшчыне чарговая дыялогавая пляцоўка прайшла 19 студзеня ў будынку раённага выканаўчага камітэта. Удзел у ёй прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснікі Андрэй Жыдко, Ігар Кухарэвіч, Юрый Залеўскі, кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч, кіраўнікі аддзелаў і службаў райвыканкама, актывісты раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, зазначыў, што для абмеркавання на дыялогавых пляцоўках у розных рэгіёнах Беларусі выносілася шмат пытанняў, па некаторых з іх прагучалі супрацьлеглыя меркаванні. Менавіта такія пытанні былі ўключаны ў пералік, прапанаваны на гэты раз для абмеркавання на рэгіянальным узроўні.
Згодна пераліка ўдзельнікі раённага форуму абмеркавалі наступныя пытанні: перанос паўнамоцтваў ад выканаўчай да заканадаўчай галіны ўлады і забеспячэнне бесперабойнага выканання дзяржаўнымі органамі і адказнымі асобамі новых паўнамоцтваў; працягласць прэзідэнцкага тэрміну; шляхі партыйнага будаўніцтва; механізмы пераходу да змешанай (мажарытарна-прапарцыянальнай) выбарчай сістэмы; смяротнае пакаранне; пытанні адносна права ўласнасці на зямлю; парадак фарміравання і паўнамоцтва органаў тэрытарыяльнага самакіравання, пераразмеркаванне функцый выканкамаў і мясцовых саветаў дэпутатаў; змяненне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь.
Кожны з удзельнікаў раённай дыялогавай пляцоўкі меў магчымасць выказаць сваё меркаванне па прапанаваных тэмах. Прысутныя актыўна ўключыліся ў дэбаты і, варта адзначыць, пераважная большасць думак супала.
Усе выказаныя прапановы абагулены і ўнесены ў адзіны дакумент, які будзе накіраваны ў адпаведную камісію для наступнага абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе.
Ірына СТЫРНІК