Андрэй Жыдко: “Развіваюцца дзяржаўны і прыватны сектары эканомікі”

Важнае Свежыя навіны Улада

Напярэдадні палітычна значнай падзеі – шостага Усебеларускага народнага сходу – актыўна ацэньваецца работа галінаў эканомікі краіны за мінулую пяцігодку, ставяцца задачы на наступную.

Як на працягу апошніх пяці гадоў развівалася эканоміка нашага раёна, расказаў куратар сферы – намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Жыдко.

– Прамысловы комплекс Дзятлаўшчыны прадстаўлены 13 прадпрыемствамі, 7 з іх адносяцца да камунальнай уласнасці, 2 – да рэспубліканскай, 4 – прыватны бізнес. Самыя буйныя вытворцы – Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный мир”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”. Прырост вытворчасці прамысловай прадукцыі па раёне за пяцігодку склаў 23,4 %. У ліпені 2020 года на ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” запушчана вытворчасць новай інавацыйнай прадукцыі (спіртны напой).

За 2016-2020 гады тэмп росту экспарту тавараў склаў 170,2 %. Раён экспартуе алкагольныя напоі, ільновалакно, трубы з пластмасы, паліўную драўніну, лесаматэрыялы, іншую прадукцыю.

Тэмп росту экспарту паслуг за пяцігодку складае 121,8 %, або штогод аказана паслуг на больш чым 7 мільёнаў долараў ЗША. Галоўны ўнёсак у гэтую лічбу ў філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” і філіяла “Санаторый “Альфа Радон” ТАА “Торвлад”.

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва Дзятлаўшчыны ажыццяўляе 191 гандлёвы аб’ект агульнай плошчай 13,5 тысячы квадратных метраў. У сельскіх населеных пунктах размешчана 42 гандлёвыя аб’екты, населеныя пункты, дзе адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка, абслугоўваюць 12 аўтамагазінаў. У Дзятлаве арганізаваны змешаны рынак на 153 гандлёвыя месцы. Найбольш буйныя гандлёвыя аб’екты райцэнтра – магазіны “Еўраопт” ТАА “Еўрагандаль”, “Прамтавары” і “Родны кут” Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. У першым паўгоддзі 2020 года ўведзены ў эксплуатацыю два новыя гандлёвыя аб’екты – магазіны “Санта” і “Капеечка”, дзе створаны 22 новых працоўных месца.

На тэрыторыі раёна функцыянуе 36 аб’ектаў грамадскага харчавання на 2051 пасадачнае месца, у тым ліку агульнадаступная сетка прадстаўлена 21 аб’ектам на 986 пасадачных месцаў.

Бытавое абслугоўванне раёна ажыццяўляецца 81 суб’ектам розных формаў уласнасці, з іх 64 – гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, 17 – юрыдычныя асобы. У сельскай мясцовасці працуе 20 індывідуальных прадпрымальнікаў і 8 юрыдычных асобаў.

Запатрабаваныя ў насельніцтва бытавыя паслугі аказваюць 84 стацыянарныя аб’екты, сярод якіх 34 належаць індывідуальным прадпрымальнікам. У сельскай мясцовасці працуюць 42 аб’екты бытавога абслугоўвання.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата аднаго работніка ў галінах эканомікі раёна ў 2016 годзе складала 522,5 рубля, у 2020 годзе яна склала 891 рубель – вырасла ў 1,7 раза.

Штогод на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы Дзятлаўшчыны накіроўваюцца інвестыцыі: за пяцігодку прыцягнута 133 мільёны рублёў. У 2019 годзе рэалізаваны інвестыцыйны праект “Будаўніцтва спіртасховішча з устаноўкай дзвюх ёмістасцяў на 400 кубічных метраў на вытворчым участку “Парэцкі спіртзавод” ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” з аб’ёмам інвестыцый 1,1 мільёна рублёў; пабудаваны станцыі абезжалезвання вады ў аграгарадках Хвінявічы і Жукоўшчына з аб’ёмам 197 тысяч рублёў; філіялам “Санаторый “Радон” ААТ “ Белаграздраўніца” быў рэалізаваны праект “Рэканструкцыя лячэбнага корпуса ў вёсцы Баравікі Дзятлаўскага раёна” з агульным аб’ёмам інвестыцый 2,5 мільёна рублёў.

Значныя інвестыцыі прыцягваюцца арганізацыямі малога прыватнага бізнесу. У 2017 годзе арганізавана вытворчасць па перапрацоўцы ялавічных рубцоў у Наваельні ТАА “ДэяГрупп” з прыцягненнем інвестыцый 270 тысяч рублёў; у 2019-м – вытворчасць па перапрацоўцы драўніны ў Дзятлаве ТАА “Чатыры Сонцы” створаны 82 новыя працоўныя месцы; у 2018 годзе арганізавана вытворчасць экспартаарыентаванай прадукцыі (абутковых падэшваў) ТАА “Белсолес”. ТАА “Ізакам Пласт” пашырыла вытворчыя магутнасці, тут рэканструяваны будынак, добраўпарадкаваны тэрыторыі, заменена састарэлае абсталяванне для вытворчасці труб з пластмасы. У 2020 годзе ТАА “Ізакам Пласт” стала пераможцам Нацыянальнага конкурсу “Прадпрымальнік года”.

У раён за пяць гадоў прыцягнута прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару) на суму 810,7 тысячы долараў ЗША.

У раёне актыўна развіваецца такая сфера паслуг, як турызм. Ёсць восем аграсядзібаў, два санаторыі: “Радон” на 540 месцаў і “Альфа-Радон” на 350 месцаў, дзіцячы санаторый “Баравічок” на 110 месцаў.

На Дзятлаўшчыне дзейнічае Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і раённы савет па развіцці прадпрымальніцтва. Вывучаюцца праблемы малога бізнесу, выпрацоўваюцца шляхі іх вырашэння. Рэгулярна праводзяцца рабочыя сустрэчы, канферэнцыі, семінары з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады.

Важную ролю ў развіцці рэгіёна, вырашэнні пытанняў занятасці, прытоку працоўных рэсурсаў іграе стварэнне новых працоўных месцаў. За 2016-2020 гады на зноў створаныя працоўныя месцы (за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў) працаўладкаваны 289 чалавек.

Як бачым, на Дзятлаўшчыне на пастаяннай аснове праводзіцца актыўная мэтанакіраваная работа па прыцягненні інвестараў, стварэнні новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў ва ўсіх галінах эканомікі рэгіёна. А па выніках абласнога спаборніцтва за 2019 год Дзятлаўскі раён заняў трэцяе месца ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці прамысловасці” і ўзнагароджаны дыпломам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: