Дзецям не месца на несанкцыянаваных мітынгах

Важнае Грамадства

Дзеці заўсёды знаходзіліся пад асаблівай абаронай дзяржавы.

Таму і нагляд за выкананнем законаў аб непаўналетніх для органаў пракуратуры – важнейшы накірунак дзейнасці.

Факты ўдзелу дзяцей у несанкцыянаваных мерапрыемствах (мітынгах, дэманстрацыях, шэсцях, пікетах), якія фіксуюцца ў нашы дні, дазваляюць зрабіць выснову аб пэўнай неразважлівасці іх бацькоў. На шчасце, на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна такіх фактаў не адзначалася.

Разам з тым, варта яшчэ раз нагадаць законным прадстаўнікам непаўналетніх, што прысутнасць дзяцей, асабліва маленькіх, на ўсемагчымых акцыях пратэсту можа мець сумныя наступствы, у тым ліку гэта нанясенне шкоды iх жыццю, здароўю і развіццю.

Пракуратура ўжо акцэнтавала ўвагу на адказнасці як непасрэдна саміх непаўналетніх, так і іх бацькоў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Гэта не толькі адміністрацыйныя штрафы, але і вырашэнне пытання аб прызнанні дзіцяці ў сацыяльна-небяспечным становішчы і адабранні яго з сям’і.

Не сакрэт, што адны падлеткі ідуць на мітынгі з-за цікаўнасці, іншыя – з надзеяй атрымаць узнагароду. Ёсць і бацькі, якія прыкрываючыся малалетнімі дзецьмі, наўмысна бяруць іх з сабой, каб пазбегнуць магчымага затрымання міліцыяй.

З-за несфармаванай жыццёвай пазіцыі моладзь з’яўляецца найбольш уразлівай катэгорыяй, схільнай да ўплыву нядобрасумленных людзей-правакатараў. Яны могуць уцягнуць непаўналетніх ва ўчыненне правапарушэнняў і злачынстваў. Не выключаны ўдзел у падобных мерапрыемствах і асобаў, якім патрэбны “сакральныя ахвяры” – так званыя сімвалы барацьбы.

Бацькам (законным прадстаўнікам непаўналетніх) вельмі важна разумець, што, калі яны не спыняюць і дапускаюць дзяцей да наведвання такога роду мерапрыемстваў, то свядома падвяргаюць іх небяспецы, бо дзеянні натоўпу прадказаць немагчыма. Дзеці могуць быць траўмаваны, у тым ліку іх псіхіцы можа быць нанесена цяжкая маральная траўма.

Абавязак па абароне правоў непаўналетніх, у першую чаргу, ляжыць на сям’і, таму заклікаю ўсіх бацькоў належным чынам кантраляваць месцазнаходжанне сваіх дзяцей і, незалежна ад узросту, не дапускаць іх удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: