З 10 верасня 2020 года ў Дзятлаўскім раёне пачалася вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу, якая будзе доўжыцца да 1 снежня.
Актыўна робяць прышчэпкі ад грыпу ў Дзятлаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Як расказала галоўны доктар гэтай установы Алена Шайбак, штогод прышчэпліваецца не менш як 75 % іх супрацоўнікаў. Людзі, якія клапоцяцца аб сваім здароўі, разумеюць важнасць вакцынацыі, асабліва сёлета, бо імунізацыя супраць грыпу вельмі актуальная ў перыяд пад’ёму захваральнасці і на каранавірусную інфекцыю.
– Алена Вячаславаўна, калі лепш рабіць прышчэпку ад грыпу?
– Вакцынацыю неабходна праводзіць да пачатку масавага пад’ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя захворванні, бо максімальная абарона ад віруса ўзнікае толькі праз 10-14 дзён з моманту ўвядзення вакцыны. Вакцыніравацца неабходна кожны год, таму што імунітэт ад канкрэтнага штама віруса грыпу не пажыццёвы і захоўваецца толькі на працягу аднаго сезона.
– Куды неабходна звяртацца дзятлаўчанам, каб зрабіць прышчэпку?
– У Дзятлаўскім раёне імунізацыю праводзяць сем арганізацый аховы здароўя: Дзятлаўская раённая паліклініка, паліклінікі Казлоўшчынскай гарадской бальніцы і Новаяльнянскай гарадской бальніцы, Гезгалаўская, Дварэцкая, Парэцкая, Раготнаўская амбулаторыі.
Таксама сфарміравана дзевятнаццаць выязных брыгад для вакцынацыі насельніцтва ў сельскай мясцовасці, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах.
– Ці ёсць якія-небудзь супрацьпаказанні да ўвядзення вакцыны?
– Прышчэпку ад грыпу нельга рабіць, калі ёсць алергічныя рэакцыі на курыны бялок і кампаненты вакцыны або на грыпозныя вакцыны, якія ўводзіліся раней; востры ліхаманкавы стан ці абвастрэнне хранічнага захворвання (вакцынацыю праводзяць пасля выздараўлення або ў перыяд рэмісіі); нецяжкія вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі, вострыя кішэчныя захворванні (вакцынацыю праводзяць пасля нармалізацыі тэмпературы).
– Колькі чалавек у нашым раёне плануецца прывіць сёлета?
– З мэтай зніжэння захваральнасці насельніцтва Дзятлаўскага раёна на грып, недапушчэння ўзнікнення цяжкіх вынікаў пасля перанесенай грыпознай інфекцыі, змяншэння эканамічных затрат, звязаных з часовай непрацаздольнасцю работнікаў у 2020 годзе неабходна прывіць 10 160 чалавек. За першыя два дні прышчэпкі зрабілі ўжо 350 чалавек.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup