На Дзятлаўшчыне ў 2024 годзе з 41 да 31 знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, аднак іх удзельная вага сярод іншых катэгорый правапарушэнняў павялічылася ў параўнанні з 2023 годам.
Аддзел унутраных спраў райвыканкама летась надаваў асаблівую ўвагу грамадзянам, схільным да правапарушэнняў і злачынстваў на глебе злоўжывання спіртнымі напоямі, асабліва тым, якія не паддаюцца мерам прафілактычнага ўздзеяння.
Так, 29 чалавек гэтай катэгорыі былі ізаляваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый: сярод іх 12 сямейна-бытавых скандалістаў, 8 раней судзімых, 4 абавязаныя асобы, 7 беспрацоўных працаздольнага ўзросту.
Да адказнасці за незаконны абарот алкагольнай прадукцыі прыцягнуты 12 асоб. Агульная колькасць адабранага з незаконнага абароту алкаголю склала 150,4 літра. Канфіскаваны адзін самагонны апарат.
На дыспансерным і прафілактычным уліках у наркалагічным кабінеце Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы на 1 студзеня 2025 года знаходзіліся 848 чалавек.
Прафілактыка п’янства і алкагалізму, як і папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў, патрабуюць сістэмнай і мэтанакіраванай работы суб’ектаў на месцах і комплекснага міжведамаснага падыходу ў яе арганізацыі. Праведзеныя летась у гэтай сферы пракурорскія праверкі выявілі пэўныя недахопы.
Так, за неналежнае выкананне патрабаванняў заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў, у тым ліку ў барацьбе з п’янствам і наркаманіяй, у адрас суб’ектаў прафілактыкі ўнесена тры прадстаўленні, па выніках іх разгляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута столькі ж службовых асоб, да пяці выкарыстаны меры матэрыяльнага спагнання, па патрабаванні пракурора 25 асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
З-за амаральнага ладу жыцця грамадзяне, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці, схільныя да далейшага ўчынення правапарушэнняў і злачынстваў, а курэнне ў стане моцнага алкагольнага ап’янення – самая частая прычына бытавых пажараў, якія ствараюць пагрозу жыццю не толькі для самога аматара моцных напояў, але і для яго блізкіх, суседзяў.
У 2025 годзе прафілактычная работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана.
Віталій ЮРГО,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga