22 снежня, калі ўсё навокал зіхаціць пераднавагоднімі агнямі, сваё прафесійнае свята адзначаюць энергетыкі – людзі, якія ў літаральным сэнсе слова прыносяць у наша жыццё святло і цяпло. Іх свята прыпадае на самы канец каляндарнага года, калі прынята падводзіць вынікі вытворчай дзейнасці. Якія яны ў Дзятлаўскага раёна электрычных сетак, расказаў яго начальнік Віктар Роўба. Гэтую пасаду ён заняў зусім нядаўна, але пра ўсю спецыфіку і тонкасці работы прадпрыемства ведае дасканала, бо працуе тут ужо 25 гадоў. Спачатку быў электраманцёрам, затым яго прызначылі майстрам участка, апошнія дзевяць гадоў ён галоўны інжынер прадпрыемства і нарэшце – кіраўнік.

– У нашай рабоце ні дня не прыходзіцца расслабляцца, таму што электрычнасць неабходная і на прадпрыемствах, і ў дамах людзей кругласутачна, – гаворыць Віктар Вікенцьевіч. – У 2025 годзе вялікую работу мы праводзілі па мадэрнізацыі і рэканструкцыі сетак ЛЭП-0,4 кВ, замянялі трансфарматарныя падстанцыі. Сёлета завяршаецца замена вулічных ліхтароў на святлодыёдныя па ўсім раёне. Таксама значная работа вядзецца па замене прыбораў уліку электрычнай энергіі ў спажыўцоў – ставяцца спліт-сістэмы, паказанні электралічыльніка здымаюцца аўтаматычна і людзям застаецца толькі заплаціць. Мы правялі работу па павелічэнні магутнасці ЛЭП-0,4 кВ для людзей, якія жадаюць выкарыстоўваць электраэнергію для  электраацяпленне жылога дома. У 2025 годзе адбылася рэканструкцыя ЛЭП-0,4 кВ у вёсках Яцвезь, Руда Яварская, Падвялікае. Вядзецца замена паветраных ліній 10 кВ у кабельнае выкананне, што з’яўляецца больш надзейным і трывалым. Яшчэ адзін з вялікіх сёлетніх аб’ектаў – будаўніцтва і мантаж трансфарматарнай падстанцыі ў гарпасёлку Наваельня для дома пад арэнднае жыллё.

Так як 2025-ы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання, мы праводзілі навядзенне парадку ў населеных пунктах – пры дапамозе ЖКГ і сельвыканкамаў ліквідавалі аварыйныя і небяспечныя дрэвы паблізу паветраных ліній электраперадач.

– Што ў планах на наступны год?

– Ужо закупляем абсталяванне для замены размеркавальнага пункта ў Наваельні  РП-10 “Навасёлкі”. Будзе весціся вялікая работа па рэканструкцыі ЛЭП-0,4 кВ па ўсім раёне, у прыватнасці ў вёсках Юравічы, Дзянісава і іншых.

– Ці даводзілася сёлета змагацца з нейкімі экстраннымі аварыйнымі выпадкамі?

– На шчасце, у нашым раёне іх не было. Але мы дапамагалі калегам з іншых абласцей. Нашы работнікі выязджалі ў “Віцебскэнерга” і “Магілёўэнерга” для ліквідацыі аварыйных сітуацый. Увогуле, гэты год, у параўнанні з папярэднімі, быў не такі напружаны. Прыемна адзначыць, што нашы лініі сталі больш надзейнымі.

– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?

– Калектыў у нас дружны, зладжаны, няхай застаецца такім і надалей. Хачу падзякаваць усім за добрасумленную, якасную працу і пажадаць моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, энергіі, міру.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации