З 1 студзеня 2025 года ўступае ў сілу новая рэдакцыя Закона ад 15 чэрвеня 2006 года № 125-З “Аб занятасці насельніцтва” Рэспублікі Беларусь.
Якія змяненні чакаюць беларусаў у новым годзе, патлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда:
– Спачатку раскажу аб тых, якія закрануць грамадзян.
Абноўленым законам прадугледжана, што рэгістрацыя ў якасці беспрацоўных будзе ажыццяўляцца не толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжання. Дапамога па беспрацоўі будзе прызначацца беспрацоўным, якія зарэгістраваліся ў службе занятасці на працягу месяца з даты звальнення, заканчэння тэрміну дзеяння або скасавання грамадзянска-прававога дагавора, спынення адукацыйных адносінаў у сувязі з атрыманнем адукацыі, і не менш за пяць гадоў да рэгістрацыі знаходзіліся ў працоўных адносінах і былі звольнены з апошняга месца работы па ўважлівых прычынах, і (або) ажыццяўлялі дзейнасць па грамадзянска-прававых дагаворах з выплатай абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Прадугледжваецца таксама прызначэнне дапамогі па беспрацоўі, незалежна ад стажу работы, грамадзянам, якія спынілі ажыццяўленне догляду дзіцяці-інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, а таксама грамадзянам ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню шукаюць работу.
Варта звярнуць увагу і на тое, што з 2025 года максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў службе занятасці скарачаецца з 18 да 12 месяцаў.
Спынюся і на новаўвядзеннях і змяненнях, якія закрануць наймальнікаў.
З 1 студзеня на працягу пяці працоўных дзён з дня іх ўтварэння наймальнікі самі будуць падаваць у Агульнарэспубліканскі банк вакансій звесткі аб свабодных працоўных месцах і будуць рабіць гэта толькі ў электронным выглядзе шляхам размяшчэння на партале дзяржаўнай службы занятасці. Звесткі будуць прадастаўляцца ў выглядзе электроннага дакумента, падпісанага электронным лічбавым подпісам, выпрацаваным з выкарыстаннем асабістага ключа, сертыфікат адпаведнага адкрытага ключа якога выдадзены рэспубліканскім цэнтрам ГосСУОК.
Таксама з пачатку наступнага года на працягу двух працоўных дзён наймальнік будзе абавязаны праз інфармацыйны партал дзяржаўнай службы занятасці інфармаваць аб запаўненні або выключэнні са штатнага раскладу раней пададзеных вакансій. Рабіць гэта неабходна такім жа чынам, як у выпадку з вакансіямі – электронным дакументам з лічбавым подпісам.
Пры прыёме на работу грамадзяніна, накіраванага службай занятасці, наймальнік на працягу двух працоўных дзён з дня працаўладкавання такога работніка павінен праінфармаваць службу праз інфармацыйны партал дзяржаўнай службы занятасці.
Усе пералічаныя патрабаванні не распаўсюджваюцца на наймальнікаў са спісачнай колькасцю работнікаў не больш за пяць чалавек: у такіх будзе права падаваць падобныя звесткі ў службу занятасці ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны ў пісьмовым выглядзе.
Яшчэ ўводзіцца забарона на размяшчэнне звестак аб наяўнасці вакансій на іншых інфармацыйных рэсурсах, калі гэтыя звесткі не апублікаваны ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій на інфармацыйным партале дзяржаўнай службы занятасці.
Наймальнік будзе мець права не апавяшчаць службу занятасці аб наяўнасці вакансій, калі работа на гэтай вакантнай пасадзе служачага (прафесіі рабочага) выконваецца работнікам дадаткова нараўне з яго асноўнай, вызначанай працоўным дагаворам (службовай (працоўнай інструкцыяй), або звыш працягласці працоўнага часу па асноўнай рабоце ў адпаведнасці з заканадаўствам.
З 2025 года ў наймальніка з’явіцца магчымасць прадастаўляць шляхам размяшчэння на інфармацыйным партале дзяржаўнай службы занятасці інфармацыю аб працоўных месцах, якія плануецца стварыць і замясціць, звесткі аб падборы грамадзян для ажыццяўлення дзейнасці па грамадзянска-прававых дагаворах. Форма такіх звестак, парадак яе запаўнення і прадастаўлення ўстанаўліваецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Напрыклад, наймальнік зможа заяўляць у Агульнарэспубліканскі банк вакансіі пра дзеючыя рабочыя месцы, якія вызваляцца ў перспектыве ў сувязі з выхадам работніка на пенсію або пра запланаваныя новыя працоўныя месцы.
Па больш падрабязную інфармацыю пра змяненні ў Законе “Аб занятасці насельніцтва” можна звяртацца ва ўпраўленне па тэлефонах: 2-27-01, 2-16-21.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga