У нашай краіне падыходзіць да завяршэння этап збору подпісаў за кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, што доўжыцца ён з 7 лістапада па 6 снежня ўключна.
Жыхары Дзятлаўшчыны ахвотна праяўляюць грамадзянскую актыўнасць. Чарговы пікет у райцэнтры адбыўся 3 снежня па вуліцы Міцкевіча, у лакацыі паміж рэстаранам “Ліпічанка” і гарадскім рынкам. Тут працавала ініцыятыўная група раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на чале з Уладзімірам Казаком, якую сваёй прысутнасцю падтрымалі ўдзельнікі прафсаюзнай пярвічкі цэнтральнай раённай бальніцы з галоўным доктарам Віктарам Яцкевічам.
Дзятлаўчане пакідалі свае подпісы і дзяліліся думкамі, якой будучыні чакаюць для сябе і блізкіх.
Не адзін дзясятак гадоў адпрацавала ў сферы медыцыны Лідзія Пуйта, яна выдатна ведае, што неабходна людзям:
– Я жадаю беларусам міру, шчасця, дабрабыту, за гэта сёння і ставіла свой подпіс. Хочацца і надалей стабільнасці і мірнага жыцця ў нашай краіне.
З яе меркаваннем згодна і наша зямлячка Надзея Бяржаніна:
– Падпісалася за мірнае неба над галавой. Сёння нашы дзеці, унукі вучацца ў школах, не баяцца спакойна хадзіць па вуліцах, родныя і сваякі працуюць. У нас дастойная пенсія, у магазінах – тавары на любы густ. Гэтага хочам і надалей, чакаем стабільнасці.
З 7 снежня ў Беларусі пачнецца наступны этап выбарчай кампаніі, які прадугледжвае прадастаўленне ў Цэнтральную выбарчую камісію дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты, ён прадоўжыцца па 21 снежня ўключна, затым адразу пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў. Не пазней за 11 снежня па ўсёй рэспубліцы павінны быць створаны ўчасткі для галасавання.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае