Прафсаюзы Гродзеншчыны выступілі з ініцыятывай правесці ў раённых цэнтрах Прынёмання на пляцоўках буйных прадпрыемстваў форумы пад агульнай назвай “Беларусь суверэнная”.
У нашым раёне 20 снежня форум прымала ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”.
Сярод гасцей мерапрыемства былі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Сіцько і галоўны спецыяліст па культурна-масавай і спартыўнай рабоце, рабоце з моладдзю гэтай арганізацыі Юлія Атрушкевіч, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак.
Як было адзначана, праект “Беларусь суверэнная” дапамагае ўзгадаць, чаго наша краіна дасягнула за тры дзесяцігоддзі інстытута прэзідэнцтва, пачуць, што хвалюе людзей, ацаніць па якім вектары ладзіць узаемаадносіны паміж ветэранамі і маладым пакаленнем.
Беларусь ХХІ стагоддзя – стабільная незалежная дзяржава, якая цвёрда ідзе шляхам самастойнага развіцця. За 30 гадоў суверэнітэту прынята Канстытуцыя, уведзены інстытут прэзідэнства, пабудавана зладжаная сістэма органаў дзяржаўнай улады, але так было не заўсёды. Як было раней, прысутныя даведаліся з дакументальнай кінастужкі, якая заклікала кожнага са спікераў форуму правесці паралелі паміж мінулым і сучаснасцю.
– Гісторыя нашага прадпрыемства налічвае восем дзесяцігоддзяў. Яно было ўтворана пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Міроўшчыне з’явіўся конна-пракатны стан, а ў Дзятлаве – машынна-трактарная станцыя, – расказаў дырэктар ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Уладзімір Жых. – У 1946 годзе МТС перанеслі ў Міроўшчыну, а ў 1961 яна перайменавана ў “сельгастэхніку”. Аднак, калі перастаў існаваць Савецкі Саюз, а разам з ім эканамічныя сувязі, ва ўмовах сістэмнага крызісу давялося ствараць усё нанова. Дзякуючы прафесіяналізму кіраўніцтва і падтрымцы дзяржавы, спачатку была асвоена вытворчасць зварачных электродаў, вентыляцыйных сістэм, фуражыраў. У 2000 годзе на базе арганізацыі з’явіўся механізаваны атрад па аказанні паслугаў сельгаспрадпрыемствам. Адпраўной кропкай актыўнага развіцця стаў 2005 год, калі была прынята дзяржаўная праграма па падтрымцы сяла, і прадпрыемству даручылі вырабляць абсталяванне для малочнатаварных фермаў, а з 2010 года – яшчэ і даільныя ўстаноўкі. Цяпер выпускаюцца ўсе мадэфікацыі ўстановак “Ёлачка” і “Паралель”, вядзецца канструктарская работа па вырабе ўстаноўкі “Карусель”. За гэтыя гады па ўсёй тэрыторыі Беларусі Дзятлаўская сельгастэхніка ўстанавіла каля 400 даільных установак. Пастаянна працуем над імпартазамяшчэннем замежных камплектуючых. У 2013 годзе да арганізацыі далучана Новаяльнянская міжрайсельгасхімія і з’явіўся ўчастак “Базахімпрадукт”. На сучасным этапе прадпрыемства прадаўжае паспяхова займацца мантажом і тэхабслугоўваннем сельгасабсталявання, ёсць сваё аўтатранспартнае падраздзяленне, аказваюцца паслугі мехатрада.
Сваёй асабістай гісторыяй і фактамі з працоўнага жыцця падзяліўся, паразважаў над тым, як няпроста Беларусі было ісці шляхам самастойнага развіцця і дасягнуць згоды і паразумення ў грамадстве, ветэран прадпрыемства Уладзімір Лаўнік. Ураджэнец сям’і ваенных, частку свайго жыцця ён правёў у Ташкенце, а на гістарычную радзіму вярнуўся ў пачатку яе незалежнасці. Разам з блізкімі прайшоў няпросты шлях станаўлення і ўпэўнены, што маладому пакаленню, як і ўсім беларусам, ёсць што цаніць і чым ганарыцца.
Падтрымала меркаванне спікера і загадчыца Міроўшчынскага ФАПа Алена Дз’ячэнка, якая ў 2013 годзе пасля працяглага жыцця ва Украіне вярнулася ў Беларусь на радзіму продкаў. Жанчына ўпэўнена, што тут жыць камфортней, бо Беларусь – сацыяльна-арыентаваная мірная краіна, дзе ў людзей ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні.
Разважанні прадоўжыў прадстаўнік маладога пакалення, народжанага ў самастойнай Беларусі – галоўны інжынер арганізацыі Дзмітрый Якаўчык. Расказаў аб тых дзяржаўных гарантыях, якімі карыстаецца яго сям’я: гэта і льготны крэдыт на жыллё, і якасная адукацыя для дзяцей, у тым ліку магчымасці займацца ў творчых і спартыўных аб’яднаннях, наведваць мерапрыемствы. Ён выказаў думку, што бацькі павінны часцей растлумачваць гэта дзецям.
– Суверэнітэт даецца цяжкай і ўпартай працай, у яго аснове ляжаць намаганні многіх пакаленняў, таму яго захаванне – наш абавязак, – падкрэсліў Міхаіл Сіцько. – Кіраўнік дзяржавы прыйшоў да ўлады ў складаны для Беларусі час. Праз яго мудрыя рашэнні і тытанічную працу ўсіх беларусаў дасягнута тое, што цяпер маем. Сёння мы не баімся спакойна хадзіць па вуліцах, мірна жывём у сваёй краіне, разам – мы адзіная сіла, якая можа справіцца з любымі задачамі.
– Цяпер мы можам быць упэўнены, што у свой час зрабілі правільны выбар, – прадоўжыў думку Андрэй Садоўскі. – Дзятлаўшчына – адна з састаўных частак Беларусі. Усю прадукцыю, якую вырошчвае наш раён, ён можа перапрацоўваць, бо захаваліся і паспяхова функцыянуюць дзесяць прамысловых прадпрыемстваў раёна. Усе яны прыбытковыя і ўносяць уклад у скарбонку раёна. Ваша таксама адно з бюджэтаўтваральных, яно ўкараняе інавацыйную прадукцыю. Усяго ў эканоміцы Дзятлаўшчыны заняты дзевяць тысяч чалавек. Для насельніцтва стараемся ствараць камфортныя ўмовы працы і жыцця. Наша краіна ўступіла ў электаральную кампанію, на 26 студзеня прызначаны выбары Прэзідэнта. Упэўнены, што мы зробім правільны выбар на карысць далейшага развіцця і стварэння.
Кіраўнік раёна павіншаваў усіх дзятлаўчан з надыходзячымі святамі, пажадаў міру, шчасця, дабрабыту.
Добры настрой удзельнікам прафсаюзнага форуму сваіми песнямі дарылі Андрэй Добыш, Алена Гузавец, Таццяна Дудкіна, Уладзімір Данільчык і вядучая сустрэчы Анастасія Голуб. У фае працавала выстава, падрыхтаваная работнікамі ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, якая адлюстроўвала ўсе этапы развіцця прадпрыемства і сучасныя яго дасягненні. У фотазоне з лагатыпам праекта можна было сфатаграфавацца на памяць.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае