Свой прыгожы юбілей адзначае суддзя суда Дзятлаўскага раёна Сяргей Сёмуха, для якога служэнне закону і людзям стала справай жыцця.
Ён расказаў пра сябе, работу і сучасную судовую сістэму краіны.
– Сяргей Міхайлавіч, з чаго ўсё пачалося? Як выбралі прафесію?
– У 1982 годзе я скончыў Дварэцкую сярэднюю школу. Ужо тады мяне цікавілі дысцыпліны гуманітарнага цыкла – гісторыя, геаграфія, грамадазнаўства. Перад вачамі быў прыклад мамы, якая скончыла Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут у Маскве з дыпломам юрыста. Ужо тады цікавіўся яе кнігамі па юрыспрудэнцыі, што істотна паўплывала на выніковы выбар. Аднак у тыя часы на юрыдычны факультэт было паступіць складана, таму пасля школы ўладкаваўся працаваць на Дварэцкі льнозавод, і толькі атрымаўшы два гады працоўнага стажу, паспрабаваў свае сілы як абітурыент. Усё атрымалася, з 1984 па 1989 вучыўся на юрыдычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Шчыра кажучы, пра суд тады нават не думалася: як і ўсе аднакурснікі-рамантыкі, больш цікавіўся работай пракуратуры і следчых органаў.
– Як склаўся ваш працоўны шлях?
– Першае месца працы – юрыстам у калгасе імя К. Заслонава (сённяшні ААТ “Дварэц-Агра”). З судовай практыкай пазнаёміўся ў 1990 годзе, калі быў выбраны народным засядацелем, паўдзельнічаў у працэсе. У хуткім часе мне прапанавалі выйсці працаваць у суд раёна на часовую замену (у той час на ўвесь раён з насельніцтвам каля 40 тысяч быў адзін суддзя). Так з мая 1990 года я стаў выконваць абавязкі суддзі, а калі ва ўсіх раённых судах Беларусі павялічылі штат на адну адзінку, атрымаў пастаяннае месца працы і ўжо ніколі не развітваўся з судовай сістэмай. З 1994 года на працягу 28 гадоў нязменна працаваў старшынёй суда.
– У чым асаблівасці работы суддзі ў невялікім раёне?
– Напэўна, у тым, што насельніцтва няшмат, многія адзін аднаго ведаюць, можам сустракацца на вуліцы, а затым у зале суда. Аднак закон ёсць закон, ён аднолькавы для ўсіх без выключэння. За гады практыкі даводзілася разглядаць крымінальныя справы нават у дачыненні аднакласнікаў. Калі судовы працэс закранае родных або людзей, да якіх нам складана быць аб’ектыўнымі з-за таварыскіх адносінаў, ад такіх спраў адмаўляемся, адрасуючы калегам.
– Ці вялікая нарузка? Колькі працэсаў штогод вядзе суддзя ў Дзятлаўскім раёне?
– У сярэднім гэта 800-820 спраў на год: крымінальныя, грамадзянскія, адміністрацыйныя, а таксама матэрыялы ПКП-26 на перагляд меры стрымання для асуджаных. Калі ў вялікіх гарадах у суддзяў больш вузкая спецыялізацыя, то мы ўніверсалы. На жаль, пры змяншэнні колькасці насельніцтва ў раёне не ідзе на спад аб’ём спраў, якія разглядаюцца ў судзе. Часам складваецца адчуванне, што людзі развучыліся дамаўляцца і вырашаць праблемы паміж сабой мірным шляхам.
– З чым найчасцей звяртаюцца жыхары раёна ў суд?
– Пераважна звароты ў сферы шлюбна-сямейных адносінаў: скасаванне шлюбу, спагнанне аліментаў, раздзелы маёмасці, вызначэнне парадку месца жыхарства дзіцяці, тады запрашаем на пасяджэнне прадстаўнікоў органаў апекі. Нямала спраў па вырашэнні лёсу безгаспадарных дамоў у сельскай мясцовасці.
– Ці заўсёды атрымліваецца быць бесстароннім і не суперажываць?
– Усе мы жывыя людзі. Аднак ёсць нязменнае негалоснае правіла для работнікаў суда: ідзеш у залу суда – эмоцыі ўбок. Што б ні адчуваў да нейкага з бакоў працэсу, гэта ніяк не ўплывае на работу.
– Узгадайце самы запамінальны працэс за ўсе гады работы ў судзе раёна.
– Гадоў праз пяць пасля таго, як я стаў суддзёй, была справа, звязаная з дарожна-транспартным здарэннем. П’яны вадзіцель на пешаходным пераходзе насмерць збіў маладую матулю з каляскай. Усе справы, якія вёў, помню, але гэта трагедыя пакінула моцнае ўражанне на ўсё жыццё.
– Ці заўсёды людзі з разуменнем ставяцца да рашэння суда?
– Вядома, не. Кожны, хто ўваходзіць у судовую залу, спадзяецца, што суд прыме яго бок, аднак мы кіруемся выключна законамі, а не прыязнасцю. Часта бачым розныя эмоцыі, без гэтага таксама нікуды.
– За тры дзесяцігоддзі судовая сістэма змянілася ці засталася кансерватыўнай?
– Памянялася істотна. Калі я пачынаў працаваць, у нашым распараджэнні былі толькі кодэкс, аўтаручка і часам друкавальная машынка. Усе справы афармлялі ад рукі, за дзень маглі спісаць і па два стрыжні. Цяпер у судовай сістэме пераважае лічбавая сістэма: эдектроннае правасуддзе, аўтаматызаваная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі. Усе мы – упэўненыя карыстальнікі камп’ютараў. Гэтыя перамены пазітыўныя, заўжды ўспрымаем іх як прагрэсіўныя крокі. Мяняюцца, карэктуюцца з часам і законы, таму заўжды трымаем руку на пульсе актуальнага заканадаўства.
– Якімі якасцямі, па-вашаму, трэба валодаць, каб стаць суддзёй?
– 13 снежня выйшаў указ Прэзідэнта Беларусі аб прызначэнні на пасады суддзяў, большасць з якіх жанчыны. Тым не менш, гэта работа патрабуе часам нават суровых якасцяў характару. Акрамя юрыдычнай адукацыі, адпаведнага ўзросту і здачы спецыяльных экзаменаў, мноства субяседаванняў на розных узроўнях, абавязкова быць маральна і псіхалагічна ўстойлівым, неэмацыянальным, заўжды нейтральным. Мы не маем права паказваць сваю пазіцыю ні ў якім выпадку, бо прадстаўляем закон, які аднолькава справядлівы да ўсіх.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga