Што за ўстанова пансіянат “Колас”?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

З 1 ліпеня ў Беларусі дамы-інтэрнаты памянялі свае назвы на сацыяльныя пансіянаты.

Новаўвядзенні абумоўлены ўступленнем у сілу абноўленага Закона “Аб сацыяльным абслугоўванні”. Па афіцыйнай інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь такое перайменаванне звязана з шырокім спектрам паслуг, якія прадастаўляюцца гэтымі стацыянарнымі ўстановамі. Яны з’яўляюцца шматфункцыянальнымі, бо там людзі жывуць, за насельнікамі, якім гэта неабходна, ажыццяўляецца догляд. Падапечныя пансіянатаў праходзяць сацыяльную рэабілітацыю, атрымліваюць працоўныя навыкі, праходзяць сацыялізацыю. Таксама ў гэтых установах арганізоўваецца вольны час грамадзян па розных напрамках. Дарэчы, пасля змяненняў заканадаўства прадугледжана магчымасць знаходжання ў пансіянатах на ўмовах павышанай камфортнасці.

Што тычыцца Дзятлаўшчыны, то сёлета ў ліпені па-новаму пачаў называцца былы Казлоўшчынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Цяпер гэта Казлоўшчынскі сацыяльны пансіянат “Колас”.

Больш падрабязна пра яго работу расказаў дырэктар установы Ігар Ціхан:

– Заснавальнікам нашага пансіяната з’яўляецца Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама. Установа арганізуе і аказвае сацыяльныя паслугі грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якім спецыяльныя жылыя памяшканні прадастаўляюцца ў сацыяльным пансіянаце для пастаяннага або часовага, у тым ліку кароткатэрміновага пражывання. Усяго для такіх патрэбаў у нас 285 ложка-месцаў.

У пансіянаце функцыянуюць аддзяленні: пастаяннага кругласутачнага назірання; свабоднага рэжыму пражывання; суправаджальнага пражывання; кароткатэрміновага пражывання.

Асноўнымі напрамкамі работы Казлоўшчынскага пансіяната “Колас” з’яўляюцца: арганізацыйная, медыка-сацыяльнага абслугоўвання, сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі, сацыяльных паслуг і арганізацыя культурна-бытавога вольнага часу насельнікаў. Ёсць у нас і свая медыцынская база для аказання дапамогі тым, хто жыве ў пансіянаце. Працуюць працэдурны, фізіятэрапеўтычны, а таксама кабінет працатэрапіі, адаптыўнай фізічнай культуры. Каб вольны час пацыентаў праходзіў цікава і з карысцю, арганізаваны гурткі “Разьба па дрэве”, “Папяровая пластыка”, “Творчасць” (вырабы з макаронаў), “Вышыўка гладдзю і крыжыкам”, “Бісерапляценне”, камп’ютарны гурток “Пачынаючы карыстальнік” і вакальных спеваў “Надзея”. Функцыянуюць яшчэ і клубы па інтарэсах – “Шахматна-шашачны” і “Аматары кветак”. Маецца ўласная дапаможная гаспадарка. У актавай зале пансіяната некалькі разоў на тыдзень атрымальнікам сацыяльных паслуг паказваюць кінастужкі.

Ірына СТЫРНІК