Роля адвакатуры ў сучаснай дзяржаве

Грамадства Свежыя навіны

Адной з абавязковых умоваў пабудовы прававой дзяржавы з’яўляецца функцыянаванне адвакатуры – прававога інстытута, закліканага аказваць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў, свабод і інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб, а таксама забеспячэнне доступу да правасуддзя.

Кожны грамадзянін мае права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.

Асноўным адрозненнем і прывілеем адвакатуры ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца тое, што толькі адвакаты могуць прадстаўляць у судах інтарэсы сваіх кліентаў.Гарантыі дадзенага спецыяліста пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці заключаюцца ў тым, што ён незалежны і падпарадкоўваецца толькі закону.

Таксама яны прымаюцьудзел у прававым выхаванні грамадзян.

Сучаснымі формамі ўдзелу адвакатаў у прававой асвеце людзей з’яўляюцца актыўнае супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі; распаўсюджванне інфармацыі прававога характару з дапамогай выкарыстання сеткі Інтэрнэт і выкарыстанне сацыяльнай рэкламы; непасрэднае ўзаемадзеянне з грамадзянамі і арганізацыямі шляхам правядзення дыялогавых пляцовак, круглых сталоў, лекцый і бясплатных кансультацый.

Адвакаты Беларусі сёння ўдзельнічаюць у рабоце розных экспертных груп, груп па прававой асвеце насельніцтва: сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, навучэнцамі школ, студэнтамі, тлумачаць ім нормы права.

Эфектыўнасць і якасць працы адвакатаў – адзін з паказчыкаў абароненасці асобы ў дзяржаве і крытэрый яго дэмакратычнасці.

Эдзіта ПЕРАЖОК,
Рамуальда РАЗМУК,
адвакаты юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga