Рэалізацыя Дэкрэта № 18. У які бок рухацца, чалавек выбірае сам

Важнае Грамадства

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

Членамі камісіі былі разгледжаны дзве справы аб адміністрацыйнай адказнасці на двух непаўналетніх. Члены каардынацыйнага савета прааналізавалі выкананне раней прынятых рашэнняў аб прызнанні 19 непаўналетніх з сямі сем’яў у сацыяльна ненадзейным становішчы.

Няведанне не пазбаўляе ад адказнасці

Гэты выпадак, як кажуць, павінен паслужыць і іншым бацькам за прыклад. Двух маладых жыхароў нашага раёна, навучэнцаў каледжаў, якія каталіся на электрамапедах, затрымала дзяржаўтаінспекцыя. Як аказалая, на такі від транспарту павінны быць вадзіцельскія пасведчанні, якіх хлопцы не мелі і былі ўпэўнены, што іх мапеды адносяцца да тых мадэляў, на якія “правы” не абавязковыя. Пры гэтым адзін з юнакоў ужо адвучыўся на вадзіцельскіх курсах, але яшчэ не здаў экзамен. Абодва маладыя чалавекі станоўча характарызуюцца і ў поле зроку ахоўнікаў правапарадку раней не траплялі. На жаль, няведанне закона і добрыя характарыстыкі не пазбаўляюць ад адказнасці. І для хлопцаў, і для іх сем’яў, якія не чакалі нічога кепскага, сітуацыя была непрыемнай. Аднак гэта ўсё ж лепш, чым дарожна-транспартнае здарэнне, ад якога і засцерагаюць падобных удзельнікаў руху патрабаванні заканадаўства.

На камісіі па справах непаўналетніх юнакам патлумачылі, што цяпер з адным з іх будзе весціся індывідуальная прафілактычная работа (другому хутка споўніцца 18 гадоў) і абодва яны ні ў якім разе без атрымання вадзіцельскіх пасведчанняў больш не павінны садзіцца за руль транспартных сродкаў, інакш адказнасць будзе вельмі важкай. Ужо цяпер паводле заканадаўства за такую язду прадугледжана ад 5 да 20 базавых велічыняў штрафу, аднак, улічыўшы характарыстыкі юных дзятлаўчан і тое, што раней яны заканадаўства не парушалі, а з уласных даходаў атрымліваюць толькі стыпендыю, члены камісіі прызначылі абодвум пакаранне ў памеры адной базавай велічыні кожнаму.

Сем’і – розныя, праблемы – падобныя

Амаль ва ўсіх сем’ях, за рэдкім выключэннем, дзе члены каардынацыйнага савета аналізавалі раней прынятыя рашэнні аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, прычыны сацыяльнага недабрабыту дзяцей падобныя: бацькі, ці адзін з іх, маюць алкагольную залежнасць, паміж дарослымі здараюцца сваркі, нярэдка да гэтага дадаецца нежаданне падтрымліваць дома парадак, гатаваць гарачую ежу, прагулы на рабоце або і ўвогуле частыя звальненні і значныя перапынкі ў занятасці. Пры гэтым дзеці бываюць недагледжанымі, у іх адсутнічаюць сезоннае адзенне, не арганізаваны месцы для вучобы і сну. Калі ў дзвюх сем’ях сітуацыя аказалася больш-менш стабільнай, адна маці праігнаравала запрашэнне на пасяджэнне каардынацыйнага савета, то яшчэ дзве сям’і патрабуюць больш пільнай увагі, і калі не вырашаць свае праблемы, то іх дзяцей прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Напрыклад, маці дзвюх дзяўчынак-дашкольніц пры наведванні сям’і спецыялістамі адказных службаў знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення, хаця ў гэты дзень ёй неабходна было яшчэ ісці на работу, не кажучы ўжо пра тое, што жанчына стаіць на ўліку ў доктара-нарколага і ёй катэгарычна нельга піць. На пасяджэнні каардынацыйнага савета яна патлумачыла, што ў той дзень крыху выпіла піва з-за паводзінаў мужа, які прайграе амаль увесь свой заробак у анлайн-гульнях. У сваю чаргу мужчына сцвярджае, што гэта хлусня, і грашовыя абавязкі ў іх з жонкай размеркаваны. Дарэчы, менавіта ён водзіць і забірае дачок з дзіцячага сада, пры гэтым выхавальнікі не заўважалі, каб бацька быў нецвярозы. У адной з дзяўчынак ёсць праблемы са здароўем, яе неабходна адвесці на кансультацыю да абласнога спецыяліста-медыка. Дарослым члены каардынацыйнага савета далі даручэнне зрабіць гэта ў бліжэйшы час, а самім – наведаць доктара-нарколага.

Яшчэ ў адной сям’і дзеці раней былі адабраны, тады бацькі прайшлі няпросты шлях для вяртання двух сыноў і дачкі дамоў. На жаль, мінулае не паслужыла ім урокам. Наведваюць доктара-нарколага, у якога знаходзяцца на ўліку, дарослыя нерэгулярна, пры гэтым абодва выказваюць жаданне прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці ў стацыянары. Нядаўна здарылася яшчэ адна непрыемная сітуацыя: маці запіла, некалькі дзён не вярталася дамоў, дзецьмі не цікавілася. Як пазней высветлілася, у гэты час яна была ў сваячкі, кажа, што “прыходзіла ў сябе”. Бацька і педагогі ў час адсутнасці жанчыны ўзялі на сябе клопаты аб дзецях. Аднак падобнае не павінна адбывацца ў нармальнай сям’і. Дарослым параілі як мага хутчэй прайсці запланаванае імі лячэнне, інакш непаўналетніх зноў прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Не спыніць, а прадоўжыць

Прадоўжана работа і з сям’ёй, дзе трое дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Сітуацыя тут адрозніваецца ад папярэдніх, бо складана праходзіць перыяд сталення дачкі-падлетка. І педагогі, і бацькі кожны дзень літаральна змагаюцца, каб дзіця атрымала адукацыю, знайшло сваю дарогу ў жыцці. Дзяўчынка ж умела маніпуліруе членамі сям’і, спрабуе рабіць гэта і з педагогамі. З-за яе паводзінаў менш увагі надаецца іншым дзецям. Пакуль меры, прымаемыя службамі прафілактыкі, вынікаў не далі. І дачка, і матуля ўжо наведваюць заняткі з псіхолагам, а таму жанчыне далі параду разам са спецыялістам перагледзець мадэль выхавання праблемнага дзіцяці.

Хочацца спадзявацца, што работа дасць плён, дзяўчынка праз некаторы час “перарасце” свае капрызы, і жыццё ў сям’і наладзіцца.

Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga