У Дзятлаве прайшла выязная аператыўная нарада ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
У цэнтры ўвагі былі аб’екты капітальнага будаўніцтва.
Разам з дырэктарам Дзятлаўскага РУП ЖКГ, якое з’яўляецца заказчыкам работ, камісія наведала будаўнічыя пляцоўкі дамоў № 7 па вуліцы К. Цэткін і № 19 – па Чапаева. На абедзвюх працуе ўпраўленне спецыяльных работ горада Дзятлава ААТ “Будкомплекс” за сродкі раённага бюджэту і адлічэнняў грамадзян на капітальны рамонт.
Кіраўнік раёна паразмаўляў з прарабам, пацікавіўся актуальным ходам работ і ўдзелам субпадрадных арганізацый, планамі выканання і складанасцямі, з якімі будаўнікі сутыкаюцца.
У доме па вуліцы К. Цэткін завяршаецца рамонт даху і прадаўжаюцца вонкавыя работы і замена сетак.
Дырэктар ААТ “Будкомплекс” Аляксандр Кійко заўважае, што свае нюансы ў рамонце немаладога дома ёсць, аднак прафесіяналы спраўляюцца з імі, не адыходзячы ад графіка. Абодва шматпавярховікі ў выніку мадэрнізацыі атрымаюць не толькі сучасны выгляд, але і новыя камунікацыі, сучаснае энергазберагальнае асвятленне.
Андрэй Садоўскі расказаў, якія важкія праекты ў рамонце жылфонду сёлета рэалізоўваліся на Дзятлаўшчыне:
– Да новага 2025 года мы падыходзім завяршэннем усіх планавых работ, у тым ліку і па капітальных рамонтах. Сённяшнюю нараду мы прысвяцілі гэтай важнай тэме. Аб’ёмы па капітальным рамонце сёлета былі даведзены сур’ёзныя – больш за 9 тысяч квадратных метраў жылля, а гэта шэсць шматкватэрных дамоў. Завяршылі праекты, распачатыя ў мінулым годзе – рамонт шматпавярховых дамоў у Казлоўшчыне, Гезгалах. Пераважную большасць работ выканала ААТ “Будкомплекс”, толькі капрамонт дома № 11 па вуліцы Першамайскай вядзе ТАА “Зодчий” са Слоніма. Апошнія штрыхі, як заўжды, самыя складаныя, аднак усё трэба завяршыць у вызначаны тэрмін, фінансаванне з раённага бюджэту паступае стабільна. Камфорт і дабрабыт жыхароў Дзятлаўшчыны – наш клопат, таму пастаянна трымаем руку на пульсе сітуацыі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае