Перазімаваць у цяпле і бяспецы

Важнае Здарэнні і бяспека

З надыходам халадоў асабліва востра паўстае тэма бяспекі пажылых грамадзян, многія з якіх жывуць адзінока ў сельскай мясцовасці.

У межах работы аглядавых камісій супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС разам з прадстаўнікамі сельскіх выканкамаў і работнікамі сацыяльнай службы рэгулярна наведваюць іх домаўладанні,  каб праверыць умовы ацяплення, побыту і проста пацікавіцца здароўем.

Чарговы рэйд разам з рэдакцыяй газеты “Перамога” адбыўся на тэрыторыі Войневіцкага сельсавета. Жыхароў аграгарадка Войневічы, вёсак Малыя Шастакі, Пруд, Маркавічы наведалі старшы інжынер Дзятлаўскага РАНС Яўгеній Ясюкайць, старшыня Войневіцкага сельвыканкама Вольга Мазоль і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей ЦСАН Дзятлаўскага раёна Галіна Касцюк.

Удзельнікі камісіі праверылі работу ацяпляльнага і электрычнага абсталявання, пераканаліся ў спраўнасці пажарных апавяшчальнікаў, якія з’яўляюцца найпершымі ратаўнікамі чалавечых жыццяў у выпадку пажару.

– У межах работы аглядавай камісіі мы абследуем домаўладанні ўразлівых катэгорый грамадзян – адзінокіх, тых, якія жывуць адзінока, інвалідаў з мэтай праверкі спраўнасці газабалоннага абсталявання, электраправодкі і пажарных апавяшчальнікаў. Найперш наведваем тых, хто карыстаецца пячным ацяпленнем. Паразмаўлялі з гаспадарамі аб тым, як яны паляць у печы, ці не дапускаюць перакальвання, якое можа прывесці да пажару. Абследуем дамы грамадзян згодна з графікам, аднак у выпадку неабходнасці наведваем вяскоўцаў паўторна, – расказаў Яўгеній Ясюкайць.

Ён адзначыў, што, на жаль, статыстыка пажараў у раёне і вобласці прадаўжае расці, аднак найбольш частай прычынай узгаранняў становіцца непатушаная цыгарэта.

Самая папулярная крыніца ацяплення ў пераважнай большасці вясковых дамоў – гэта печ. У сельскай мясцовасці з вялікай павагай і акуратнасцю ставяцца да яе, падтрымліваюць у парадку, строга прытрымліваюцца нормаў пажарнай бяспекі. З аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі таксама пытанняў не ўзнікла: у кожнай сям’і ёсць адзін-два, абавязкова ў спраўным стане.

– Пажылыя людзі вельмі адказна выконваюць рэкамендацыі ратаўнікоў і нашы парады, – расказала Вольга Мазоль. – Калі нешта не могуць зрабіць самі, звяртаюцца да сваіх дзяцей або ў сельвыканкам, мы дапамагаем.

Клопат пра пажылых грамадзян, якія жывуць адзінока, застаецца прыярытэтам  на ўвесь ацяпляльны сезон і пасля яго заканчэння. Каб вяскоўцы маглі перазімаваць у цяпле і бяспецы, рэйды МНС прадоўжацца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga