Няхай дзяцінства будзе бяспечным!

Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства”, удзел у якім прымалі выхаванцы дзесяці ўстановаў дашкольнай адукацыі раёна.

У рамках фестывалю былі прадэманстраваны сучасныя падыходы ў фарміраванні ў падрастаючага пакалення асноваў бяспекі жыццядзейнасці.

Праз творчасць, крэатыў і гульню педагогі пастараліся знайсці адказы на пытанні, як зрабіць дзяцінства маленькіх выхаванцаў бесклапотным і шчаслівым, а іх жыццё бяспечным, як навучыць малечу правільна дзейнічаць у сітуацыях рызыкі.

Як расказала куратар сферы метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук, журы, у састаў якога ўваходзілі спецыялісты раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, ацэньвалі конкурсныя матэрыялы ў чатырох намінацыях: “Куток бяспекі”, “Ганарымся, што навучылі”, “Дыдактычная гульня”, “Азбука бяспекі”.

Удзельнікі прадставілі на фестывалі ўнікальныя дыдактычныя гульні, якія ў займальнай форме дапамагаюць дзецям больш даведацца пра бяспеку. У намінацыі “Ганарымся, што навучылі” актыўны ўдзел прынялі бацькі выхаванцаў. Сюжэт тэматычных відэаролікаў, вынесеных на суд журы, быў створаны ад імя дарослых ці дзіцяці і дэманстраваў, як сям’я падтрымлівае бяспеку ў сваім доме.

Парадавала, што і ў дзіцячых садах у тэматычных кутках сабраны багатыя матэрыялы па асновах бяспекі, а ў некаторых дашкольных установах створаны цэлыя пакоі, дзе выхаванцы могуць вучыцца правілам такіх паводзінаў.

У намінацыі “Азбука бяспекі” ўстановы дашкольнай адукацыі прадставілі тэматычныя выступленні выхаванцаў па фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту.

Лаўрэатам раённага этапу рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” стаў дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава, другое месца падзялілі Новаяльнянскі і Гезгалаўскі дзіцячыя сады, на трэцім месцы замацаваліся два “бронзавыя” прызёры – Вензавецкая сярэдняя школа і Дварэцкі дзіцячы сад.

Члены журы адзначылі майстэрства, адказнасць і значны творчы патэнцыял у падрыхтоўцы матэрыялаў для раённага этапу фестывалю ў намінацыях “Азбука бяспекі” і “Куток бяспекі – пакой бяспекі” ў дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава, у намінацыі “Куток бяспекі” – у Раклевіцкай базавай школы, Хвінявіцкай і Круцілавіцкай сярэдніх школ, а таксама Казлоўшчынскага дзіцячага сада.

Арганізатары жадаюць удачы пераможцам – калектыву дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, які прадставіць наш раён на абласным этапе фестывалю “Бяспечнае дзяцінства”.

Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga