У Гродне прайшоў абласны форум сельскай моладзі, які сабраў каля 120 удзельнікаў з усіх раёнаў вобласці.
Дзятлаўшчыну на ім прадставілі маладыя работнікі сельгаспрадпрыемстваў, удзельнікі Моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, Моладзевага парламента пры Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь, Савета працоўнай моладзі. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы.
Вераніка Ярош, эканаміст КСУП “Войневічы”:
– Вельмі рада была прыняць удзел у форуме сельскай моладзі, лічу, што ён быў карысным як для нас, так і для арганізатараў сустрэчы. Гэта карысна і патрэбна ў плане абмену вопытам, знаёмстваў, вывучэння новага. Захапляльнымі і пазнавальнымі для нас сталі візіты на прадпрыемствы сельскагаспадарчай сферы: заўсёды цікава пабачыць работу знутры, як на далоні, з каментарыямі спецыялістаў. Вялікі дзякуй кіраўніцтву аблвыканкама і абласному камітэту “БРСМ”, а таксама ўсім прадпрыемствам, якія гасцінна сустрэлі нас. Хацелася б, каб такія мерапрыемствы ладзіліся рэгулярна: на рэальных прыкладах з вопыту старэйшага пакалення працоўная моладзь павінна бачыць, да чаго імкнуцца, не баяцца рэалізоўваць свае смелыя ідэі на роднай зямлі.
Вераніка Адамчык, бухгалтар ААТ “Граніт-Агра”:
– На такой сустрэчы я была ўпершыню, атрымала цікавы вопыт і незабыўныя ўражанні, даведалася шмат новага, пазнаёмілася з калегамі з іншых прадпрыемстваў. Мы атрымалі магутны зарад матывацыі ад намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Пранюка і яго калег на тое, каб быць цікаўнымі, смелымі і рашучымі, мэтанакіравана займацца прафесійным і кар’ерным ростам, у чым нам дапамогуць кіраўнікі нашых прадпрыемстваў. Вельмі крута было сустрэцца з моладдзю ўсёй нашай вобласці. Калі будзе магчымасць, абавязкова паеду яшчэ.
Вера Калагрыў, інжынер па ахове працы ААТ “Дварэц-Агра”:
– Шмат станоўчых эмоцый ад сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці, равеснікамі з іншых рэгіёнаў. Для нас была падрыхтавана насычаная праграма, у якую ўвайшло шмат мерапрыемстваў. Уразіла гісторыя стварэння і жыцця СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, якую мы пачулі з вуснаў ідэолага гаспадаркі, а таксама экскурсія па прадпрыемстве “Алнікор”, якое займаецца вытворчасцю прадуктаў для кармлення свойскай жывёлы.
Наталля АВЯРЧУК
Фота ўдзельнікаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga