Рыхтуй сані летам, кажа вядомая прыказка.
У аграрыяў свая народная мудрасць, згодна з якой насенне для будучай пасяўной кампаніі пачынаюць рыхтаваць яшчэ да Новага года.
Усе сельгаспрадпрыемствы раёна самі займаюцца нарыхтоўкай і адборам сыравіны, ствараюць для яе аптымальныя ўмовы захоўвання. Усё насенне будучага ўраджаю – пад пільным кантролем адказных службаў Дзятлаўшчыны.
Начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Кацярына Жамайтук расказала, якім чынам вядзецца праверка:
– У рабоце з сельгаспрадпрыемствамі раёна мы кіруемся інструкцыяй аб адборы проб ад партый насення сельскагаспадарчых раслін і правядзення іх аналізу, зацверджанай Пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 20 ад 23 чэрвеня 2015 года і дапоўненай у 2021 годзе. Партыі насення фарміруюцца самімі гаспадаркамі, у кожнай з іх мы бяром узоры для даследавання. Кожная яго партыя пазначаецца этыкеткай, у якой абавязкова ўказваецца назва прадпрыемства, якое прадастаўляе ўзор насення, культура, гатунак, рэпрадукцыя, працэнтнае ўтрыманне кампанентаў сумесі, год ураджаю, нумар партыі і нумар фракцыі насення, нават найменне хімічнага (біялагічнага) сродку абароны раслін для апрацаваных экземпляраў.
Згодна з даведзеным планам, гаспадаркі Дзятлаўшчыны сёлета павінны нарыхтаваць 898,7 тон насення яравых збожжавых і зернебабовых культур, кожная – адпаведна сваім пасяўным плошчам. У запасе ў прадпрыемстваў 177,5 % насення, на дадзены момант ачышчана 77,9 % да патрэбы, паступіла на праверку ў раённую інспекцыю па насенняводстве 48,9 %. Перад тым, як патрапіць у лабараторыю, а пасля і на поле, зерне павінна прайсці дзве ступені ачысткі, сфарміравацца ў партыі, прайсці праверку на пасяўныя і сартавыя ўласцівасці ў адпаведнасці з дзяржаўным стандартам.
Разам са спецыялістамі інспекцыі мы наведалі КСУП “Хвінявічы”, каб упэўніцца, з якой адказнасцю і клопатам аграрыі клапоцяцца аб будучым ураджаі. Пакуль на палетках завяршаецца ворыва, актыўна ідзе ўнясенне арганічных угнаенняў, “тылы” прыкрывае агранамічная служба, якая ўжо з восені займаецца падрыхтоўкай насення да пасяўной.
– У дадзены момант чысцім зерне на петкусе, каб вызваліць ад механічных прымесяў, – растлумачыла аграном-насеннявод Дар’я Латушка. – Ужо ачышчана 60 тон яравога ячменю і 60 тон пшаніцы. Задзейнічаны дзве лініі, на якіх працуюць тры аператары.
Аграном расказала, што падрыхтоўка насення да сяўбы пачынаецца нават не восенню, а намнога раней, у час папярэдняй пасяўной кампаніі. Першапачаткова закупляецца насенне гатунку “эліта”, выбіраецца ўчастак, прызначаны спецыяльна для яго вырошчвання насення, настройваецца спецыяльная норма высеву. У будучага насенневага фонду ўсё па спецыяльнай праграме: свой догляд, хімпраполка, апрацоўка, нават умовы ўборкі і дасушвання.
– Настройваем сушылкі такім чынам, каб энергія цепланосьбіта была не вышэй за 55 градусаў і насенне не страціла ўсходжасць, – растлумачыла Дар’я Васільеўна. – Далей яно засыпаецца на склады і дапрацоўваецца да жаданага выніку, каб вясной кожнае зярнятка ўзышло коласам.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае