Гульні, прызы і фотаздымкі з сябрамі

Грамадства Падзеі Свежыя навіны

3 снежня на календары пазначана як Дзень інвалідаў – дата, якая заклікае кожнага з нас задумацца над праблемамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія жывуць побач.

У Беларусі гэтай катэгорыі грамадзян надаецца шмат увагі, ёсць самыя розныя віды падтрымкі, якія аказваюцца з ранняга ўзросту. Напрыклад, у нашым раёне функцыянуе Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Яго выхаванцы і педагогі не абдзелены ўвагай, вось і ў такі асаблівы дзень шэфы і валанцёры арганізавалі для іх прыемную сустрэчу.

Пляцоўку для яе прадаставіў аддзел па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці, а інтэрактыўную праграму і прызы падрыхтавалі каардынатар раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” Ірына Мішчанка, узорная студыя роставых лялек “Яркае свята для ўсіх” аддзела па культурна-дасугавай дзейнасці Цэнтра культуры і народнай творчасці, раённы камітэт ГА “БРСМ”.

Музычна-гульнявы таймінг “Мы разам!” ужо з першых хвілін падарыў добры настрой выхаванцам карэкцыйнага цэнтра, іх бацькам і педагогам. Дзеці і дарослыя актыўна ўключыліся ў цікавыя і карысныя гульні, якія дапамагалі развіваць рухальныя здольнасці, дробную маторыку, адшукваць патрэбныя прадметы і многае іншае. Пагрузіцца ў камфортную сяброўскую атмасферу юным удзельнікам таймінгу дапамагалі вясёлы клоўн Ірамі і кот Барсік, а таксама педагогі. Малечу чакалі не толькі цікавыя заданні і вясёлая эстафета, але і салют з рознакаляровых мячыкаў, а галоўнае падарункі ад раённага камітэта ГА “БРСМ”, прычым кожнае дзіця на свой выбар змагло дастаць з вялікага кошыка цацку, размалёўку ці гульню, якія спадабаліся.

На развітанне правялі прыемную фотасесію.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga