На жаль, штогод раённая статыстыка не абыходзіцца без новых пажараў.
Прычыны іх розныя, пры гэтым вынік падобны: як мінімум – пашкоджанне маёмасці і фінансавыя выдаткі, як максімум – гібель людзей.
Аднак нават пажар можна перажыць з меншымі стратамі, паклапаціўшыся загадзя аб сваёй бяспецы. Наглядныя ілюстрацыі такой тэорыі прывёў інспектар Дзятлаўскага РАНС у час Адзінага дня інфармавання, параўнаўшы два здарэнні гэтага года. У вёсцы Самойлаўшчына пажар здарыўся з-за няправільнага мантажу коміна ў жылым доме. Гаспадары своечасова пачулі сігнал аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, усталяванага ў кацельні, хутка пакінулі дом і выклікалі ратаўнікоў.
Іншы выпадак здарыўся ў шматкватэрным доме ў Дзятлаве з-за парушэння правілаў выкарыстання электрапрыбораў. Гаспадыня кватэры раніцай пайшла на работу, а затым і гаспадар паехаў па справах. Узгаранне здарылася, калі нікога не было дома. Заўважыла задымленне сама жанчына толькі тады, калі вярнулася дамоў з работы. На той момант у адным з пакояў было шмат дыму, істотная частка маёмасці ўжо пашкоджана. Апавяшчальнік не спрацаваў і не папярэдзіў аб здарэнні хаця б пільных суседзяў, бо прылады ў кватэры проста не было.
Розніца ў гэтых дзвюх гісторыях – у “капеечнай” прыладзе, даступнай любому жыхару раёна ў гандлёвай сетцы або ў Дзятлаўскім вытворчым участку Гродзенскага таварыства супрацьпажарных работ. А вось адсутнасць такой “дробязі” ў выпадку пажару можа каштаваць вельмі дорага.
– Устаноўка і работа аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у жылым фондзе раёна – на нашым пастаянным кантролі, – адзначыў старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС Сяргей Новік. – Пры здачы ў эксплуатацыю новых жылых памяшканняў наяўнасць АПА з’яўляецца абавязковым патрабаваннем для кампаніі-забудоўшчыка, як і для арганізацый-уласнікаў жылфонду, а таксама грамадзян, якія засяляюцца ў арэнднае жыллё. Таксама па лініі фонду сацыяльнай абароны дапамога ва ўстаноўцы апавяшчальнікаў аказваецца пажылым адзінокім жыхарам Дзятлаўшчыны. У дамах і кватэрах, дзе АПА першапачаткова не быў прадугледжаны праектам, яго ўстаноўка застаецца на сумленні саміх гаспадароў. Як паказвае практыка, лепш зрабіць гэта своечасова, не чакаючы бяды.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga